Штосуботні аўтобус з пісьменнікамі. У Беларусі з'яўляецца новая традыцыя


Фестываль «Прадмова», якому сёлета другі год, творчым дэсантам высаджваецца ў беларускіх гарадах. Горадня стала другім пунктам у маршруце, перад тым быў Полацк, а наперадзе – Гомель, Берасце і Бабруйск.

«На нашай мапе мы запалілі пяць зорачак, дзе, можа, найбольш адчуваецца гэтая патрэба ў папулярызацыі сучаснай кнігі, у пашырэнні кніжнай ды інтэлектуальнай культуры», – распавядае Павел Баркоўскі, філосаф, арганізатар фестывалю «Прадмова».

Ад дзіцячых чытанак да філасофскіх лекцыяў: сваю інтэлектуальную кнігу мог знайсці кожны. Гарадзенскія ілюстратары слухалі парады знакамітага графіка Паўла Татарнікава. Дыягназ беларускай культуры кансіліумам і паасобку ставілі мысляры ды публіцысты Максім Жбанкоў, Вольга Шпарага і Валянцін Акудовіч. Дыскусія гісторыкаў, паэтычныя чытанні, сустрэчы з пісьменнікамі Уладзімірам Арловым і Андрэем Хадановічам – на кожны пункт праграмы знайшлася свая публіка:

«Геданізм – напоі, ужыванне ежы, сексуальнае задавальненне – вельмі хутка перанасычае. Інтэлектуальнае задавальненне прапануе нашмат больш. Мне здаецца, што вось гэтая прага да інтэлектуальнага разважання, мыслення, кнігі толькі абуджаецца», – кажа Лілія Іллюшына, арганізатарка фестывалю «Прадмова».

Інтэлектуальная асалода ў канцэнтраце чакае і менчукоў – з 4-га да 7-га красавіка ў культурніцкім габе «Ок16» пройдуць дзясяткі імпрэзаў. На «Прадмову» прыедуць і замежныя госці – фінская пісьменніца Софі Оксанэн, расейскі празаік Віктар Ерафееў, літоўскі паэт Томас Венцлава. З ранку да вечара, а 5-га красавіка нават і ўначы – дыскусіі, спектаклі, прэзентацыі ды літаратурныя вечары.

Аляксандра Дорская, belsat.eu