Што зрабіць, каб гістарычна каштоўны будынак не зруйнавалі?


Тры дзясяткі гадоў таму на гэтым месцы, у вёсцы Межава каля Воршы, працаваў калгасны спіртзавод. Будынкі даўно ў заняпадзе, і нядаўна адзін з іх зруйнавалі. Сведкам разбурэння стаўся аршанскі краязнаўца Віктар Міхасёў, які падняў трывогу, бо разам з пабудоваю савецкага часу тут стаяць будынкі 19-га стагоддзя. Мясцовыя ўлады плануюць іх таксама разбурыць.

«Мы сустрэлі тут выпадкова старшыню мясцовага сельсавету і спыталіся ў яго, ён сказаў, што будынак аварыйны, і каб забяспечыць жыццё людзей, патрабуецца яго знесці», – распавядае краязнаўца Віктар Міхасёў, Ворша.

Вёска Межава вядомая з 16-га стагоддзя, у свой час яна належала Сапегам, Храпавіцкім і Любамірскім. Сядзібна-паркавы ансамбль, пабудаваны ў пачатку 20-га стагоддзя, рэшткі царквы і парк унесеныя ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурніцкіх каштоўнасцяў. А вось будынкі на тэрыторыі спіртзаводу апынуліся па-за аховаю.

«Можа, ў савецкія часы і былі, мы ж ведаем, што ў канцы 90-х гадоў спіс гістарычных каштоўнасцяў быў скарочаны, па ўказанні зверху наўмысна скарачаліся гэтыя спісы, і магла быць памылка праз тое, што завод працаваў», – гаворыць краязнаўца Віктар Міхасёў.

Цяпер, каб вылучыць, якія з будынкаў маюць гістарычную каштоўнасць, патрэбныя даследаванні, якія, як сцвярджае краязнаўца, ніхто тут не праводзіў. Гісторыкі адзначаюць, што праблема былой вінакурні ў Межаве актуальная шмат для якіх будынкаў у Беларусі.

«Нават у гарадах ёсць у гістарычных цэнтрах шмат будынкаў, якія не занесеныя ў спісы гісторыка-культурнай спадчыны, і гэта вялікая праблема, бо паводле тэхнічных пашпартоў яны пабудаваныя ў 47-м годзе, калі адбываліся капрамонты па ўсёй Беларусі пасля вайны», – каментуе гісторык Уладзімір Булаўскі.

Што ж рабіць, каб будынку, вартага захавання, не зруйнавалі? Звяртацца ў мясцовыя органы ўлады, найперш у аддзел культуры, дзе ёсць адмыслоўцы, якія мусяць ахоўваць гістарычна-культурніцкую спадчыну. Ініцыятыва мае сыходзіць менавіта ад грамадскасці ці прыватнай установы, бо дзяржава не мае права ініцыяваць уключэнне аб’екту ў спісы для аховы.

«Абавязкова трэба дасылаць тэлеграмы ў дэпартамент аховы ГКС міністэрства культуры і інстытут гісторыі для таго, каб была праведзеная гістарычная ацэнка і скіраваны адмысловец на канкрэтны аб’ект. У выпадку, калі вы дасылаеце тэлеграму, абавязкова мае быць адказ, і гэта ўжо фіксацыя канкрэтных дзеянняў», – дадае гісторык Уладзімір Булаўскі.

Руйнаванне былога спіртзаводу ў Межаве працягваецца: разбураюць старыя сцены, пілуюць дрэвы. Часу, каб паспець захаваць гістарычны будынак, засталося зусім няшмат.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu