Што застанецца нашчадкам ад беларускай прыроды


Сёння ў свеце адзначаецца сусветны дзень дзікай прыроды. Свята прымеркавана да падпісання ў 1973 годзе Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай.

Дзікая прырода заўсёды побач. Дастаткова толькі выйсці з кватэры. У гэтым перакананы арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі.

«У Беларусі можна сустрэць амаль 20 відаў дзікіх качак. Самы звычайны з іх від – гэта крыжанка. Цэлы год у Менску можна бачыць і самцоў, і самак гэтых прыгожых качак. Яшчэ ў кастрычніку гэтыя птушкі падзяляюцца на пары, і амаль да вясны самцы суправаджаюць сваіх суджаных», – распавядае Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Участак ракі Свіслач ад вуліцы Аранская да менскай кальцавой – унікальнае месца. Тут ёсць некранутыя забалочаныя ўчасткі, растуць рэдкія расліны. Каля ракі сустракаюцца каля 24 відаў птушак, якія маюць ахоўны статус у Еўропе.

«Я лічу, што гэтае месца годнае быць заказнікам ці нейкі іншы ахоўны статус мець, бо цяпер яно больш важнае, чым, напрыклад, заказнік Лебядзіны», – кажа Аляксандр Вільчэўскі, дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Лебядзіны – адзіны заказнік у межах сталіцы. Сёлета ён канчаткова можа знікнуць. Прычына таму – узвядзенне ўсё новых будынкаў побач з тэрыторыяй.

У Беларусі існуе тры віды асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў: запаведнік, дзе гаспадарчая дзейнасць цалкам забароненая, нацыянальны парк і заказнік. Заказнікаў у краіне больш за тысячу, але гэты статус зусім не гарантуе захаванасці прыроды.

«Як паказвае практыка, напрыклад, з высяканнем лясоў, якія адбывалася ў 18, 17 годзе і раней, нягледзячы на тое, што тэрыторыі захаваліся для захавання дзікай прыроды, там усё яшчэ працягвае весціся гаспадарчая дзейнасць, забіраецца лес, вядзецца паляванне», – адзначае Канстанцін Чыкалаў, старшыня ГА «Багна».

З кожным годам у Беларусі расце колькасць асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў.

«У 2018 годзе агульная плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторыяў павялічылася на 50 тыс. га і дасягнула 8,9 % агульнай плошчы краіны. Гэта адпавядае ўсталяванаму паказніку нацыянальнай бяспекі ў экалагічнай сферы», – лічыць Андрэй Худык, міністр прыродных рэсурсаў.

Тым не менш працягвае збядняцца флора і фаўна краіны. У апошняй рэдакцыі Чырвонай кнігі зарэгістравана больш за 300 відаў раслінаў і дзве сотні відаў дзікіх жывёлінаў. Некаторыя з іх амаль зусім зніклі з Беларусі.

Цяпер толькі на выяве. Сіваграка яшчэ паўстагоддзя таму можна было пабачыць ледзь не ў кожным такім лесе. Цяпер жа, паводле ацэнках арнітолагаў, у краіне засталося ўсяго з два дзясятка параў.

Тым часам, згодна з апошнімі даследаваннямі ПРААН і Мінпрыроды, палова грамадзянаў зусім не цікавіцца пытаннямі аховы навакольнага асяродку.

Наста Кахановіч, «Белсат»