Што важнейшае за незалежнасць?


Толькі чвэрць нашага грамадства лічыць суверэнітэт абсалютнаю каштоўнасцю. Так кажа даследаванне, якое правёў інстытут «Палітычная сфера» ды «Беларуская аналітычная майстэрня». Атрыманыя лічбы – нагода для смутку ці надзеі?

Ці гатовыя вы «захаваць суверэнітэт Беларусі нават коштам зніжэння ўзроўню жыцця»? Так – адказала амаль чвэрць апытаных. Узровень жыцця важнейшы за незалежнасць для больш як паловы рэспандэнтаў. 23 адсоткі адказаць на пытанне адмовіліся або не змаглі.

«Ёсць дастаткова вялікая група насельніцтва (каля 20 адсоткаў), для якіх суверэнітэт не мае вялікай каштоўнасці, і яны гатовыя саступіць яго, атрымаўшы нават кароткатэрміновыя эканамічныя выгады», – каментуе дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

«Ідзе барацьба паміж духоўнай і матэрыяльнай часткай каштоўнаснай іерархіі». Мець уласную дзяржаву хочуць усё больш беларусаў – абнадзейвае сацыёлаг Андрэй Вардамацкі. Аднак «калі эканамічная сітуацыя будзе пагаршацца, то можна будзе прагназаваць, што эканамічная частка каштоўнаснай іерархіі ўзрасце. Калі адбудзецца эканамічная стабілізацыя, то тады незалежніцкая каштоўнасная частка будзе ўзрастаць», – зазначае кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэй Вардамацкі.

На стабільнасць сёлета разлічваць не выпадае. Са студзеня валавы ўнутраны прадукт скараціўся амаль на 2 адсоткі. Да гэтага спрычынілася пандэмія і нафтавая вайна з Расеяй. Перамовы аб цане энерганосьбітаў на наступны год пачнуцца, калі Менск зацвердзіць «дарожныя мапы» інтэграцыі – заявіў нядаўна расейскі прэм’ер Мішусцін. Якія прыярытэты ў такой сітуацыі ў нашых грамадзянаў?

«Развіццё з прыцягненнем высокіх тэхналогіяў часта разглядаецца як больш важнае, чым захаванне незалежнасці: эканамічнае развіццё і ўласна дабрабыт. Гэта для большасці важнейшыя рэчы, чым суверэнітэт», – канстатуе Андрэй Казакевіч.

Магчыма, незалежнасць не стаіць у прыярытэтах, бо ёй не пагражаюць? Не – сцвярджаюць аўтары даследавання. Пагрозу незалежнасці адчуваюць больш за палову ўдзельнікаў апытання. З якога боку яна сыходзіць?

«Пуцін! Ужо даўным-даўно зжэр нашую Беларусь. Цяпер толькі хоча аформіць юрыдычна».

«Гарант нашай канстытуцыі пагражае».

«Або вайна будзе з-за яго, або рэвалюцыя!»

«Ніякай пагрозы незалежнасці Беларусі я не бачу – ні ад якой краіны!»

«Калі б Захад мог захапіць Беларусь, то Расея не дасць. Вось і ўсе справы!», – кажуць жыхары Магілёва.

З кім сябраваць, беларусы таксама не вызначыліся – канстатуе Андрэй Вардамацкі. Каля чвэрці насельніцтва арыентуецца на Еўропу. Колькасць прыхільнікаў Расеі ўпала да сарака адсоткаў, а вось колькасць нявызначаных вырасла да траціны грамадзянаў.

Аляксандр Папко, «Белсат»