Аб'ектыў 13.09.2019 Што ўключае неафіцыйная частка расейска-беларускіх вучэнняў «Шчыт Саюзу»?


У Расеі распачаліся вучэнні «Шчыт Саюзу». У іх удзельнічаюць 4 тысячы беларускіх вайскоўцаў. Войскі адпрацоўваць бой з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі і дыверсійнымі групамі ўмоўнага праціўніка. Але ёсць і прыхаваная частка сцэнару. Завесу таямнічасці прыадкрые Яраслаў Сцешык.

12 тысяч вайскоўцаў – з іх 4 тысячы беларусаў, амаль тысяча адзінак баявой тэхнікі, 70 самалётаў і верталётаў: на палігоне Муліна пад Ніжнім Ноўгарадам пачалася актыўная фаза аператыўных вучэнняў «Шчыт Саюзу», якія традыцыйна праходзяць праз 2 гады пасля манеўраў «Захад».

Сцэнар таксама традыцыйны. Як заявіў кіраўнік вучэнняў, намеснік міністра абароны Беларусі Алег Белаконеў, гэта «недапушчэнне дэстабілізацыі абстаноўкі ў вызначаных раёнах, барацьба з дыверсійна-выведнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі, а таксама выкананне практычных мерапрыемстваў у ходзе нанясення праціўнікам масаваных ракетна-авіяцыйных удараў».

Біць партызанаў і дыверсантаў ды адпрацоўваць масаваны ўдар варожай авіяцыі беларусы і расейцы будуць да чацвярга. Практычныя мэты зразумелыя: войска трэнуецца ў адпаведнасці з планамі. Палітычныя мэты – паказаць грамадству, што гэтак званая Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі хоць нешта робіць.

«Ваеннае супрацоўніцтва – магчыма, адзін з найбольш паспяховых абшараў супрацоўніцтва, дзе ў нечым рэальным праяўляецца гэтая Саюзная дзяржава. Навонкі мы паказваем, што нейкім чынам рэагуем на ўмацаванне пазіцыяў NATO на ўсходзе – у Польшчы, краінах Балтыі», – мяркуе дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі.

Беларусы па-рознаму ўспрымаюць неабходнасць гэтых манеўраў. Вось што кажуць жыхары і госці Менску:

«Вайны каб не было, але трэба, каб порах быў сухі».

«Дарма іх туды паслалі, гэта пустая страта грошай. Не патрэбныя яны там».

«Калі б гэта былі добраахвотныя вучэнні, калі б гэта быў саюз роўных дзяржаваў, як у NATO, то была б іншая справа».

«Непасрэднай пагрозы ў нас няма, але калі мы ўтрымліваем армію, яна мусіць быць прафесійнай».

Чаму беларускія вайскоўцы едуць ажно ў Ніжні Ноўгарад? Адна з прычынаў, як мяркуе незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін, – прыхаваная частка сцэнара. Варожых партызанаў і дыверсантаў не проста разбіваюць, а на іхных плячах выходзяць на тэрыторыю ўмоўнага праціўніка.

«Там адпрацоўваецца тая частка вучэнняў, якую ў Беларусі звычайна не паказваюць, гэта наступ з выкарыстаннем вялікай колькасці тэхнічных сродкаў: бранятанкавай тэхнікі, ракетаў, РСЗО і авіяцыі», – кажа Алесін.

Ёсць і палітычны фактар.

«Не хочам пужаць нервовых суседзяў. Яны ўсе цяпер нервовыя: і прыбалты, і палякі, і ўкраінцы», – усміхаецца Алесін.

Аляксандр Алесін не называе прычыны нервовасці: 5 гадоў таму расейскія вайскоўцы знялі шаўроны, замазалі знакі на БТР-ах і захапілі Крым. У палон бралі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія да апошняга не верылі, што на іх наставілі аўтаматы тыя самыя людзі, з якімі былі добрыя стасункі. Потым расейскія кадравыя вайскоўцы ў складзе гібрыдных сілаў захапілі Данецк і Луганск. Адсюль і нервовасць.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары