Што ў пасланні скажа Лукашэнка?


Пасланне Аляксандра Лукашэнкі перанесенае ўжо ў другі раз, але ўсё ж-такі адбудзецца. Пра што кіраўнік дзяржавы распавядаў у мінулыя гады, што можа распавесці цяпер, і якой прамовы ад яго чакаюць грамадзяне? Распавядзе Аляксандр Папко.

Дэпутаты, міністры, замежныя дыпламаты. Штогод кіраўнік дзяржавы апавядае ім, куды павядзе беларускую эканоміку і замежную палітыку. Сёлета выступ Лукашэнкі анансавалі на 3-га жніўня. Прэс-сакратар Лукашэнкі, аднак, заявіла, што выступіць ён на дзень пазней.

«Магчыма, гэта звязана з пагаршэннем здароўя, бо сітуацыя напружаная, і для чалавека ва ўзросце Лукашэнкі такія нервовыя сітуацыі, як зараз, не спрыяюць добраму самаадчуванню», – мяркуе філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Апошнія 10 гадоў пасланне беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу адбывалася ў красавіку. Сёлетні перанос Лукашэнка патлумачыў непрадказальнасцю, якую ў свеце выклікала «сітуацыя з каронапсіхозам».

Наагул адмовіцца ад паслання кіраўнік Беларусі не можа – гэта ягоны канстытуцыйны абавязак.

Перавод эканомікі на рынкавыя рэйкі, скарачэнне дзяржаўных выдаткаў і абарона незалежнасці – такія задачы Лукашэнка ставіў 2015 годзе.

Праз 2 гады прыярытэты змяніліся. Лукашэнка загадаў ураду прывабліваць інвестараў, не захапляцца рынкавымі рэформамі ды спаганяць грошы з гэтак званых дармаедаў.

У мінулым годзе асноўнымі тэмамі сталі падтрыманне дзяржаўных прадпрыемстваў, заробкі бюджэтнікаў ды змены ў Канстытуцыі.

Рэфармісцкага запалу і планаў на будучыню рабілася ўсё менш. Што Лукашэнка будзе абяцаць сёлета?

«У Лукашэнкі скончыліся аргументы, якімі ён можа прывабіць свой электарат. Засталіся толькі тыя аргументы, якімі ён можа запалохаць», – прагназуе Уладзімір Мацкевіч.

Гэта пагроза інспіраванага Крамлём дзяржаўнага перавароту і кровапраліцця – тлумачыць Уладзімір Мацкевіч. А што б хацелі пачуць ад Лукашэнкі нашыя грамадзяне?

«Чаму мірных людзей спыняюць на вуліцах? Чаму іх кідаюць у турму, чаму мы не маем права голасу? Чаму мы павінныя маўчаць і калі гэта ўсё скончыцца?»

«Не цікавяць словы. Ад таго, што ён скажа, нічога не памяняецца!»

«Я проста не бачу сэнсу думаць, якія ў мяне да яго ёсць пытанні. Я проста не хачу, каб ён быў – і ўсё».

«Я хацеў бы пачуць, што ён стаміўся, ён сыходзіць», – кажуць жыхары Менску.

Сярод тэмаў паслання, якія Лукашэнка агучыў у красавіку, сыходу ў адстаўку не было. Ён абяцаў рэпрэзентаваць перадвыбарчую праграму і прапанаваць змены ў Канстытуцыю.

Аляксандр Папко, «Белсат»