Штосёмы рубель з падаткаў забяруць на сплату замежных пазыкаў


Знакамітыя «Па пяцьсот» ужо тут… З кожнага жыхара, уключна з дзецьмі! Налета краіна будзе сплочваць па даўгах ажно 5 млрд долараў. Пазыковая нагрузка ў Беларусі сягнула паловы аб‘ёму валавога ўнутранага прадукту. З нашых падаткаў забяруць кожны сёмы рубель. Гэта больш, чым раней.

«Ну гэта шмат, канешне, кожны сёмы рубель».

«Пазыкаў трэба менш браць. Аддаваць жа ўсё роўна давядзецца тым ці іншым спосабам, з любога спажыўца цяпер будзе».

«Чаму мы мусім плаціць за дзяржаву, якая бярэ крэдыты», – кажуць жыхары Берасця.

З 22-мільярднага бюджэту ў наступным годзе амаль 3 млрд пойдзе на адсоткі па даўгах. То бок менш грошай для адукацыі, медыцыны і сацыяльных праектаў. Першая прычына – вялікія адсоткі па замежных крэдытах.

«Гэта вызначаецца крэдытаздольнасцю краіны, станам яе фінансаў, фінансавай дысцыплінаю і г.д. Беларусь пазычае ў 4-5 разоў даражэй за сярэднесусветны кошт для развітых краінаў», – тлумачыць эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

Унутраны дзяржаўны доўг цягам года вырас на 5 адсоткаў. Пазыка вонкавая амаль на адсотак знізілася. Але за цэлы папярэдні год яна вырасла ажно на 22 адсоткі. Пазычалі найбольш у Расеі, Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, у Кітаю, а таксама праз размяшчэнне еўрабондаў.

Чаму не бралі за «выгадны» кошт у МВФ?

«Супрацоўніцтва з МВФ не складаецца менавіта таму, што ў кіраўніка дзяржавы ў гэтым выпадку няма палітычнай волі ісці на сур’ёзныя структурныя рэформы, ісці на вырашэнне дрэнных пазыкаў прадпрыемстваў», – каментуе Вадзім Іосуб, старэйшы фінансавы аналітык «ALPARI».

Шэраг эканамістаў як адзін заяўляюць, што трэба скончыць з субсідаваннем прадпрыемстваў і распачаць з павышэннем іх эфектыўнасці, каб адсотак эканамічнага росту перавышаў адсоткі па пазыках. Бізнесоўцы кажуць пра добраўпарадкаванне палітычных пытанняў.

«Калі адменім смяротнае пакаранне, заплоцім на $ 200 млн менш па адсотках. Атрымліваецца, што расстрэл пяці асобаў абыходзіцца нам у $ 200 млн, а кожны злачынца – у $ 40 млн», – кажа заснавальнік VPCAPITAL Віктар Пракапеня.

Вядомы айцішнік Віктар Пракапеня заклікае беларусаў зразумець, што такія пытанні, як смяротнае пакаранне, кіданне бізнесоўцаў ды любых незадаволеных за краты ўплываюць на рашэнні крэдытораў і інвестараў.

«Але абцяжарваюць іх, па-першае, вялікаю нагрузкаю, а па-другое, адбываецца гэта ўсё мала празрыста і многія інвестары, якія сёння маглі б прыйсці ў Беларусь, баяцца, з-за карупцыі, з-за непразрыстасці ўвязвацца ўвогуле ў нашую сітуацыю», – гаворыць эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

На фармаванне іміджу надзейнага партнёра патрэбныя гады і рынкавыя падыходы. Вадзім Іосуб, старэйшы фінансавы аналітык «ALPARI»:

«Калі дзяржава не бярэ пазыкаў увогуле на камерцыйныя праекты, то доўг расці не будзе. У іншым выпадку, як мы бачым на прыкладзе Беларусі, даўгі растуць».

І застаюцца ў прагнозе на наступныя некалькі гадоў. А таму адлічваць са сваіх гаманцоў будзем толькі больш.

Юлія Цяльпук, belsat.eu