Аб'ектыў 31.01.2019 Што стане з коштамі 1 лютага


З 1 лютага вырасце бюджэт пражыткавага мінімуму – амаль да Br 217. Адпаведна вырастуць і выплаты на дзяцей. Аднаразовая дапамога пры нараджэнні дзіцяці павялічыцца на Br 27–38, у залежнасці ад віду дапамогі. Амаль на 3 рублі вырасце аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці. Выплаты на дзяцей да трох гадоў таксама павысяць ад 33 да 42 рублёў у залежнасці ад віду дапамогі. Гэта звязана з ростам сярэдняга заробку ў краіне за папярэдні квартал.

У пятніцу падымуць мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, якія таксама прывязаныя да памеру бюджэту пражыткавага мінімуму. Да прыкладу, сацыяльная пенсія інвалідам 1-й групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства, павялічыцца амаль на 3 рублі. З заўтра таксама вырасце памер мінімальнага спажывецкага бюджэту для розных сацыяльна-дэмаграфічных групаў, новыя лікі будуць дзеяць да канца красавіка 2019 года.

Рост заробкаў беларусаў непакоіць эканамістаў

Правядзенне выбараў у Беларусі плануецца ў наступным годзе. Але пакуль Нацыянальны банк у стане стрымліваць інфляцыю за кошт золатавалютных рэзерваў на ўзроўні прагнозаў, кажуць эканамісты.

«Заробкі выраслі больш, чым магчымасці эканомікі. Але калі не будзе допінгу збоку, калі мы не праядзем золатавалютных рэзерваў ці не возьмем дастатковай колькасці новых займаў, то інфляцыя будзе высокая», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Заўтра заўважна падаражэюць цыгарэты, некаторыя адразу на Br 1,60. Таксама да заўтра мусяць быць сфармаваныя першыя спісы гэтак званых дармаедаў. Тыя ўласнікі кватэраў, якія трапілі пад дэкрэт, у лютым атрымаюць квітанцыі на аплату гарачай вады па поўным тарыфе.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары