Што рабіць на пенсіі? Дзеляцца жыхары Магілёва


Старэнне грамадства – сусветная тэндэнцыя. Беларусь, паводле ацэнкі Сусветнага банку, адносіцца да краінаў, якія рэзка старэюць. Як не страціць актыўнасць чалавеку ў сталым веку?

Шыкоўная сукенка, макіяж, камера – звычайна пазуюць на фотасесіях маладыя жанчыны. Польская акторка Гэлена Наровіч кар’еру мадэлькі пачала ў 80-гадовым узросце. Цяпер ёй 84.

«Тое, што са мной цяпер адбываецца, гэта для мяне другое жыццё, якое я атрымала пасля 80-ці. Жыццё, якое мне вельмі пасуе. Апроч таго, я вельмі задаволеная, што паказваю прыклад сталым людзям, каб не гублялі надзеі, каб верылі ў сябе і хацелі рэалізоўваць свае жаданні і мары», – тлумачыць Гэлена Наровіч.

Актыўныя сталыя людзі ёсць не толькі ў Польшчы. Напрыклад, у Горадні ўжо амаль дзесяцігоддзе дзее «Універсітэт залатога веку», гэта паўсотні курсаў і клубаў – ад вывучэння замежных моваў да дызайну інтэр’ераў ці фінансавай адукацыі. Там жа, дзе падобных установаў няма, сталыя людзі знаходзяць заняткі самастойна.

«Я займаюся тэнісам. Настольным тэнісам».

«Студыя вакалу, хор народнай песні пры цэнтры культуры, капэла і бальныя танцы».

«Хаджу ў храм, працую на лецішчы».

«Лецішча ў мяне ёсць, якім я займаюся».

«У ягады ходзім у лес, у грыбы ходзім».

«Пішу вершы, для сябе, для ўнукаў».

«Мне падабаецца вязаць, я вяжу посцілкі і сурвэткі», – дзеляцца сваймі захапленнямі жыхары Магілёва.

Ці ёсць у сталых людзей сакрэт, што трэба рабіць, каб даўжэй пачувацца маладым?

«Мае быць душа добрая, і любіць усіх – любіць людзей, любіць звяроў. Жыццё такое: любі ўсіх, і цябе будуць любіць, аддавай усім, і да цябе будуць так ставіцца. Я і не адчуваю, што я пенсіянерка, у мяне яшчэ зусім юны ўзрост», – распавядае сталая магіляўчанка.

Амаль кожны чацвёрты жыхар Беларусі – пенсіянер, і з кожным годам гэты адсотак будзе павялічвацца. Тым больш важна кожнаму спрабаваць знайсці магчымасць самарэалізацыі ды актыўнага жыцця.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu