Што прапануюць моладзі вылучэнцы на дэпутацтва?


Скончыўся збор подпісаў дзеля падтрымання вылучэнцаў на дэпутацтва. Апроч гэтага, Цэнтральная выбарчая камісія апошні дзень прымала падпісныя лісты ад ініцыятыўных групаў. А таксама ў Менск ужо прыбылі першыя назіральнікі ад АБСЕ. Што гэта значыць ды што будзе далей?

На працягу месяца пыталіся пра праблемы выбарнікаў, знаёмілі іх з вылучэнцам і назбіралі троху больш за неабходную тысячу подпісаў… Станіслаў Шашок з «Моладзевага блоку» занёс падпісныя лісты ў ЦВК у апошні дзень.

Станіслаў Шашок, вылучэнец на дэпутацтва:

«Калі прайду рэгістрацыю. Вялікі акцэнт паспрабуем зрабіць на онлайн-складніку – гэта сацыяльныя медыі, відэа-матэрыялы, але таксама офлайн-актыўнасці абавязкова будуць, як мы іх называем, рэйв-пікеты. Гэта вялікія пікеты на вуліцы Кастрычніцкай, куды дамо музыку, каб моладзі было весела і цікава з намі «тусавацца».

Моладзевы блок выступае супраць закону аб адтэрміноўках, жорсткіх пакаранняў па наркатычным артыкуле і супраць прымусовага размеркавання. На хвалі абароны здароўя ў дэпутаты ідзе група асобаў з Берасця. 5 тысяч подпісаў на чацвярых каманда ўжо сабрала. Кепкі з надпісам «ЖЫЦЬ» мясцовыя пазнаюць здалёк, бо за імі тысячы людзей, якія дамагліся прыпынення працы шкоднага акумулятарнага заводу. Чакаюць на рэгістрацыю, рыхтуюць праграмы, шукаюць сродкі.

Раман Кісляк, вылучэнец на дэпутацтва:

«Людзі самі збіраюць на нашую выбарчую кампанію, безумоўна, грошай не стае, але спадзяюся, што мы яе годна правядзем. Калі нас не зарэгіструюць, будзем дапамагаць іншым кандыдатам, якіх зарэгіструюць, якія нас падтрымліваюць».

У ЦВК сёлета падалі 503 заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Адмовілі толькі 14-ці з іх. Афіцыйна толькі чвэрць вылучэнцаў – ад палітычных партыяў. Фактычна – за шэрагам самавылучэнцаў стаяць тыя ж праўладныя партыі.

Але галоўную ўвагу палітолаг Сяргей Нікалюк кажа звяртаць не на прэтэндэнтаў, а на склад выбарчых камісіяў:

«Два прыклады: ад Аграрнай партыі, якая падала каля 600 асобаў на сябраў камісіяў, 97 % трапілі ў камісіі. Ад партыяў БНФ і АГП прайшлі толькі 3,7 %. Пасля гэтага ўвогуле размаўляць пра выбары не мае сэнсу».

У акруговых выбарчых камісіях – з 1430 чальцоў толькі 31 – з апазіцыі («Справядлівы свет» – 23, БСДП («Грамада») – 4, БНФ – 3, АГП – 1), таму сачыць знутры за праўдзівым падлікам галасоў змогуць не на кожным участку. Гэта нязменная адметнасць кампаніі ў Беларусі, кажа Сяргей Нікалюк:

«У асноўным усе кандыдаты дапускаюцца, за рэдкім выключэннем. Асабліва калі адбываюцца выбары прэзідэнцкія, там незалежна ад збору подпісаў кандыдаты дапускаюцца да выбараў. Гэта значэння не мае».

Тым не менш сёлетняй кампаніі не байкатавалі нават апазіцыйныя палітычныя арганізацыі. Пікеты апазіцыя выкарыстоўвала як магчымасць правесці акцыі пратэсту.

Яўген Афнагель, удзельнік пікету:

«Сёння мэта нагадаць тым еўрапейскім палітыкам, якія сёння прыехалі ў Менск, пра тое, што ў краіне дыктатура і чалавек, якому яны збіраюцца паціскаць руку – злачынца».

Акруговыя выбарчыя камісіі маюць зарэгістраваць кандыдатаў да 17 кастрычніка, то бок цягам наступных дзесяці дзён. Да саміх жа выбараў засталося 40 дзён.

Юлія Цяльпук belsat.eu