Што новага паказалі беларусы на выставе ваеннай тэхнікі «MILEX-2019»


Выстава «MILEX» – гэта месца, дзе ў першую чаргу прэзентуюцца навінкі айчыннага ваенна-прамысловага комплексу. Сярод найбольш цікавых – беларускі вучэбна-трэнавальны верталёт, бронеаўтамабілі «Абаронца» і V1.

Раман Галоўчанка, кіраўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту:

«Мы ідзем у нагу з часам. Вядома, гэта патрабуе вялікіх інвестыцыяў і чалавечага рэсурсу. Усе кажуць пра тэхналогіі блокчэйн, штучны інтэлект – мы таксама іх укараняем. Напрыклад, сістэмы штучнага інтэлекту, машыннага навучання, элементы нейрасетак мы вельмі актыўна выкарыстоўваем для распазнавання цэляў».

Аднак найбольш гучная прэм’ера – ракета 9М318 для зенітна-ракетнага комплексу «Бук-МБ3». Упершыню ў гісторыі айчынная абарончая прамысловасць стварыла такі прадукт, што адкрывае шлях для далейшага стварэння ракетнай зброі.

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік Belarus Security Blog:

«У Беларусі не было да нядаўняга часу ўласнай ракетабудаўнічай школы. Гэта вельмі тэхнічна складаны сродак. Ну і, безумоўна, галоўнае пытанне – як атрымалася стварыць актыўную галоўку саманавядзення ракеты, таму што ў нас не было досведу гэтай працы».

«Бук-МБ3» – фактычна беларускі зенітна-ракетны комплекс сярэдняй дальнасці, можа паражаць абʼекты на дыстанцыі да 70 кіламетраў і на вышыні да 25 кіламетраў. Прэзентавалі і РСЗА «Паланэз» з ракетай дальнасцю да трохсот кіламетраў. Паводле прадстаўнікоў Міністэрства абароны, сёння Беларусь мае тэхналогіі для стварэння ракеты з дальнасцю да пяцісот кіламетраў, што адкрывае магчымасці для стварэння айчыннага аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу.

Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні:

«З аднаго боку яшчэ ў 2014 годзе беларускія, так бы мовіць, паляўнічыя за галовамі актыўна ездзілі ва Украіну і шукалі людзей, якія маглі дапамагчы з ракетнымі тэхналогіямі. З другога боку мы ведаем, што ў ракетную тэхніку ўкладаўся сваймі тэхналогіямі і Кітай».

Агулам на выставе прысутнічалі 170 экспанентаў з 10 краінаў. Вялікія дэлегацыі прывезлі Расея і Кітай. Упершыню ўзялі ўдзел у выставе «MILEX» Сербія і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Кіраўніцтва Дзяржкамваенпраму спадзяецца, што абʼём заключаных кантрактаў перавысіць 100 мільёнаў долараў.

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік Belarus Security Blog:

«Хто можа быць кліентам? Зразумела, што гэта ўсе старыя кліенты. Наўрад ці падчас трохдзённай выставы атрымаецца заключыць дамовы з некім новым, з кім раней не працавалі. То бок Азербайджан, Казахстан, краіны СНД, магчыма, афрыканскія краіны, аравійскія манархіі».

Выстава працягнецца да 18 траўня ў «Менск-Арэне» і на пляцоўцы каля яе. Азнаёміцца з навінкамі айчыннага ваенна-прамысловага комплексу можа кожны ахвотны. Гэта адзін з рэдкіх момантаў, калі сфера бяспекі робіцца хоць трохі адкрытай для звычайных грамадзянаў.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu