Што можа стымуляваць беларусаў нараджаць?


Летась у Беларусі нарадзіліся амаль 88 тысяч дзяцей – гэта найменш за апошняе дзесяцігоддзе. Пры гэтым дзяржава стымулюе дэмаграфічную сітуацыю праз адмысловыя праграмы. Але, відавочна, гэтага не стае, і яны патрабуюць рэформаў.

Усплёск нараджальнасці ў Беларусі прыпаў на 2007 год. Калі распачалася першая дзяржаўная праграма дэмаграфічнай бяспекі, што скончылася ў 2010. Добрую тэндэнцыю паказала наступная праграма, што доўжылася да 2015 года.

«За кошт тых захадаў, што былі накіраваныя на падтрымку семʼяў з дзецьмі. Яны далі пэўны прырост дзяцей другой чаргі нараджальнасці, трэціх дзяцей. Я маю на ўвазе праграму фінансавага падтрымання семʼяў з дзецьмі, гэта дзяржаўная дапамога. І, па-другое, гэта праграмы жыллёвага падтрымання», – кажа загадчыца сектара сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі Інстытуту эканомінікі НАН Беларусі Наталля Шчэрбіна.

Цяпер жа сітуацыя іншая. Пра гэта сведчыць даследаванне Даследчага цэнтру ІПМ і Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру – «BEROC», у якім узялі ўдзел 1513 рэспандэнтаў. Пры пастанаўленні нарадзіць дзіця фінансавае падтрыманне перастала адыгрываць важную ролю, мяркуе эканамістка.

«Дапамога цягам трох гадоў зусім не пакрывае тых выдаткаў, прычым не толькі грашовыя, але і часу, які цяпер сучасныя бацькі мусяць траціць на выхаванне свайго дзіцяці. І гэта нармальная сітуацыя для развітых краінаў, пры дасягненні пэўнага ўзроўню даходаў нараджальнасць падае», – тлумачыць акадэмічная дырэктарка Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Кацяпына Барнукова.

Пэўны ўплыў мае змяненне рэпрадуктыўнага ўзросту жанчын, ён павялічваецца. Таксама сталее шлюбны век, што змяняе погляды людзей на функцыі сямʼі.

«На тых жанчын, якія здольныя нараджаць дзяцей, некаторыя стымулы ўжо не працуюць. Не на ўсіх. Але ёсць частка семʼяў, частка жанчын, для якіх ні матэрыяльная падтрымка, ні жыллёвая падтрымка, ні нейкія іншыя бонусы не здольныя даць стымулаў да імклівай рэалізацыі жадання нарадзіць дзяцей. І наагул, ці ёсць такое жаданне – таксама пытанне», – зазначае загадчыца сектара сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі Інстытуту эканомінікі НАН Беларусі Наталля Шчэрбіна.

Важным пытаннем для семʼяў застаецца дэкрэтны адпачынак: 80 адсоткаў рэспандэнтаў даследавання лічаць тры гады для догляду дзіцяці аптымальным тэрмінам.

«У жанчыны ёсць права ў любы момант вярнуцца з дэкрэту і зноў туды сысці. Вярнуцца, папрасіць сабе палову стаўкі, чвэрць стаўкі – і працадаўца не мае права адмовіць. Адпаведна, трэба разумець, што працадаўца бярэ працаўніка на замену, якога не можа звольніць, бо ён ужо падпісаў кантракт, і падпісаў на тры гады», – распавядае арганізатарка конкурсу «Міс Беларусі Plus size» Яўгенія Цюленева.

Выйсце адмыслоўцы бачаць у прасоўванні выхаду ў дэкрэтны адпачынак мужчынаў. Але амаль чвэрць удзельнікаў даследавання ўпэўненыя, што мужчыны ня справяцца з доглядам дзіцяці да трох гадоў, 22 адсоткі – што ўзнікнуць непаразуменні з працадаўцамі. Яшчэ адным варыянтам можа быць павелічэнне сумы выплатаў пры скарачэнні тэрміну адпачынку.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»