Аб'ектыў 10.06.2019 Што кажуць беларусы пра адстаўку Шуневіча?


Гучная адстаўка. Трэба забяспечыць пераемнасць і дынаміку, хуткасць і эфектыўнасць прыняцця рашэнняў. Гэтак Ігар Шуневіч патлумачыў свой сыход з пасады міністра ўнутраных справаў. Кіраўнік краіны адстаўку прыняў. Чаму Шуневічу давялося вызваліць міністэрскі фатэль і як грамадства ўспрыняло сыход з пасады галоўнага міліцыянта краіны?

Яшчэ раніцай атрымаў порцыю крытыкі ад кіраўніка краіны за неналежнае рыхтаванне міліцыі да Еўрапейскіх гульняў. А ўжо ўдзень падаў Лукашэнку рапарт аб адстаўцы. Рашэнне «выверанае, правільнае і своечасовае», адзначыў у размове з журналістамі цяпер ужо былы міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч.

«Шуневіч стаў сімвалам скандалаў і не даваў аніякіх пазітыўных момантаў для Аляксандра Лукашэнкі. Ён цягнуў толькі ўніз. І так сітуацыя складаная: рэйтынг Лукашэнкі невысокі. І зараз любы скандал чыноўнікаў вышэйшага ўзроўню б’е аўтаматычна па Аляксандру Лукашэнку», – кажа палітык Анатоль Лябедзька.

На развітанне Ігар Шуневіч паведаміў, што знайшоў тых, хто перадаваў службовую інфармацыю ў тэлеграм-каналы, і паабяцаў, што іх звольняць. Гэткую заяву зняпраўджвае блогер Нехта, які апошнім часам першы публікуе эксклюзіўную інфармацыю з унутраных зводак міліцыі ды закрытых ад грамадства крыніцаў.

«Ён увесь час хлусіў. І нават на развітанне схлусіў таксама, што нібыта крыніцы каналу Нехта высветленыя. Таму што з усімі крыніцамі я знаходжуся ў сталым кантакце, сувязь гэтая сталая», – каментуе Сцяпан Святлоў, журналіст, блогер NEXTA.

Ігар Шуневіч ачольваў Міністэрства ўнутраных справаў цягам сямі гадоў. Ён не цураўся моцных выказванняў пра ЛГБТ-супольнасць, называючы яе прадстаўнікоў «дзіравымі», з асаблівым стараннем абараняў ад грамадзянаў скульптуру гарадавога каля будынку МУС, зʼяўляўся на публіцы ў форме НКВД.

«Ён не ішоў на нейкі кампраміс з грамадзянскаю супольнасцю. Зразумела, што ён служыў гэтым уладам. Але ён мусіў знайсці нейкую выспу для камунікацыі ды ўспрыняцця гэтай крытыкі. Наадварот, ішлі пагрозы журналістам, праваабаронцам, актывістам», – кажа былы следчы Алег Волчак.

Апрача пагрозаў, падначаленыя Ігара Шуневіча збівалі падчас вулічных акцыяў людзей сталага веку, жанчын, учынялі аблавы: як, да прыкладу, на цыганскія раёны ў Магілёве і Гомлі пасля нашумелай смерці інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча. І калі дзяржава ад імя кіраўніцы адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Качанавай прасіла прабачэння за гэткі пагром, то міністр спяшацца з прабачэннямі не стаў.

А чым яшчэ запомніўся беларусам цяпер ужо былы галоўны міліцыянт краіны?

«У мяне склалася ўражанне, што гэта чалавек з фашысцкімі думкамі».

«Формай НКВД, вось гэтым «цыгано-о-о-оў», і нейкі яшчэ перл быў у яго… пра дзіравых, напэўна».

«Як ён ставіцца да меншасцяў, да цыганоў, як ён ставіцца да людзей, якія адбываюць пакаранне па народным артыкуле 328».

«Ягонае зʼяўленне на парадзе ў форме НКВД, што было для мяне вельмі шакавальным, а таксама ўсе ягоныя фразы кшталту «дзіравыя», – кажуць жыхары Менску.

Аднак ні прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, ні былы міністр не бачаць у гучнай адстаўцы нічога незвычайнага. Пасля сыходу з высокай пасады Ігар Шуневіч запэўніў: сядзець склаўшы рукі дакладна не будзе і спадзяецца быць карысным дзяржаве на любой пасадзе.

Віталь Бабін, belsat.eu

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары