Аб'ектыў 25.04.2018 Што Беларусь можа прапанаваць прыватным інвестарам?


У Менску адбываецца Другі форум прыватнага капіталу, удзельнікі якога абмяркоўваюць умовы для вядзення бізнесу як у Беларусі, так і ў іншых краінах. Як нам не адстаць ад сусветных трэндаў і якіх захадаў па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату чакаюць беларускіх уладаў.

Прыцягненне ў Беларусь замежных інвестыцыяў – адная з задачаў, якую ўвесь час дэкларуе кіраўніцтва краіны. Але ці нашая краіна ўяўляе цікавасць для буйных прыватных інвестараў? І што мы можам прапанаваць ім у параўнанні з іншымі краінамі?

На гэтае, а таксама іншыя пытанні шукаюць адказы на Другім форуме прыватнага капіталу, які праходзіць у Менску. Абмяркоўвалася, сярод іншага, і сфера ІТ. Гэтак, дэкрэт аб лічбавай эканоміцы – прарыўны для беларускага заканадаўства. Аднак ён не робіць нашу краіну ўнікальна прыцягальнаю для ўсіх крыптабізнесаў. Некаторыя ўжо больш далёка прасунуліся ў гэтай сферы – сярод іх Нарвегія, Гібралтар, Мальта і нават суседняя Латвія.

«Цяпер усе банкі, нават пры ўзгадванні, што бізнес будзе неяк звязаны з гэтаю крыптатэмай, з біржамі, з чымсьці яшчэ, яны вельмі баяцца, яны не гатовыя прымаць такі бізнес, абслугоўваць такі бізнес. А ўся гэтая бітва юрысдыкцыяў завязаная на магчымасці мець легальны банкаўскі рахунак, канвертаваць крыптавалюты ў звычайныя фіатныя грошы і выкарыстоўваць іх нейкім чынам далей. Вось цяпер у нас гэта немагчыма. Гэта праблема», – адзначыў Раман Шпакоўскі з VILGERTS.

На меркаванне экспертаў, каб мець прывабнасць для буйных гульцоў на крыптавалютным рынку, Нацбанку неабходна адрэгуляваць доступ да банкаўскай сістэмы краіны. Таксама крокаў наперад ад уладаў чакаюць і ў рэальным сектары эканомікі.

«Я б вітаў прыватызацыю сярэдняга, невялікага бізнесу, не горадаўтваральных, не з вялікімі сацыяльнымі наступствамі, калі там нейкая аптымізацыя. А, хутчэй, такі бізнес, які дзяржаве даходу не прыносіць, можа быць нават недзе бюджэтны. Для гэтых прадпрыемстваў я ўпэўнены, што прыватны ўласнік больш эфектыўны, чым дзяржава», – кажа Даньель Круцына з CIVITTA.

У той жа момант удзельнікі форуму запэўніваюць, што нават у заходніх краінах трансфармацыі буйных прадпрыемстваў былі вельмі цяжкія. Цяпер жа гэты працэс яшчэ больш ускладняецца вялікім узроўнем канкурэнцыі амаль на любым рынку.

«Я думаю, што для больш пазітыўнага развіцця краіны неабходна даваць прадпрымальнікам больш свабоды і як мага менш дзяржаўнага рэгулявання – дзеля таго, каб павялічыць прадуктыўнасць і, галоўнае, матывацыю крэатыўных людзей», – кажа Гайнц Гаген з «PRESTIGE TRUST».

З другога боку, прыцягненне стратэгічных інвестараў у Беларусь ускладняецца сітуацыяй унутры ЕАЭС – шмат буйных замежных кампаніяў ужо лакалізавалі вытворчасць у Расеі. Да таго ж, не ўсе ўпэўненыя ў раўнапраўі ўсіх удзельнікаў Мытнага саюзу.

«Вельмі важна, каб Беларусь адстойвала свае пазіцыі ў межах ЕАЭС і настойвала на тым, каб былі для ўсіх роўныя правілы гульні. І каб гэтая эканамічная прастора пачала паводле правільных правілаў працаваць. Гэта для Беларусі вельмі ключавы фактар, каб у межах лакалізацыі ЕАЭС Беларусь таксама атрымала сваю частку», – адзначыў Даньель Круцына.

На меркаванне экспертаў, улады Беларусі цяпер маюць добры шанц як далейшага развіцця ІТ сферы, гэтак і мадэрнізацыі з яе дапамогаю астатніх галінаў эканомікі. Аднак, засталося толькі правільна ім скарыстацца.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары