Што адбываецца са страйкамі на прадпрыемствах у Беларусі?


Стачкамы і страйкі на буйных прадпрыемствах сталі адным з найбольш эфектыўных спосабаў барацьбы беларусаў. Што адбываецца на прадпрыемствах зараз?

Адказ уладам на содні ды арышты для больш як чатырох дзясяткаў удзельнікаў стачкі «Беларуськалію» – новыя імёны ў спісе страйкоўцаў. Штодня да забастоўкі далучаюцца работнікі розных галінаў беларускай эканомікі. Паралельна ўзмацняецца сетка незалежных прафсаюзаў. Дзяржава ж пасля рэпрэсіўнага апарату пачала фармаваць групы даносчыкаў.

«Далучаюся да стачкі па палітычных матывах»… Чарговая 35-ая заява пра падтрыманне стачкаму «Горадня-Азот» лягла на стол гендырэктара прадпрыемства. Андрэя Баканаўскаса на гэты крок падштурхнула…

«Смерць Рамана Бандарэнкі і тое, які разгон зладзілі пасля гэтага ў нядзелю ў Горадні – разгон мірнага мітынгу», – кажа Андрэй Баканаўскас, працоўны ААТ «Горадня-Азот».

Стачкамы краіны колькасна растуць. Аб’яднаныя патрабаваннямі вызвалення палітычных вязняў, адстаўкі Лукашэнкі, спынення гвалту і пакарання адказных за яго.

Да стачкі на Беларускім Металургічным Заводзе далучылася спецыялістка з 31-гадовым стажам Ларыса Шанюк. Назіраючы за здзекамі сілавікоў жанчына перанесла інсульт і больш не можа глядзець на гвалт. Кажа, што з прыхільнікамі перамен на прадпрыемстве пачалі ўціхую «разбірацца».

«На прадпрыемстве ўжо не ведаеш чаго ад каго чакаць. Ужо арганізоўваюць нейкія групы на прадпрыемстве, якія б фіксавалі і даносілі ўціхую ад чалавека, што ён нешта выказаў (сваю пазіцыю, – заўв. рэд)», – тлумачыць Ларыса Шанюк, удзельніца стачкі, Беларускі Металургічны Завод.

Пра вярбоўку працаўнікоў прадпрыемстваў у даносчыкі яшчэ не чуў кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. У складзе вялікай групы Аляксандр Ярашук працуе над развіццём сеткі незалежных прафсаюзаў.

«Сапраўдны інструмент абароны правоў працоўных у самых розных сітуацыях і такіх жорсткіх формах як страйк магчымыя толькі там дзе створаныя незалежныя прафсаюзы. Гэта абсалютна бясспрэчна», – Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Працоўнікі ААТ «Гародня Азот» страйкуюць на прадпрыемстве. Гародня, Беларусь. 19 жніўня, 2020 г.
Фота: Василь Молчанов / Belsat.eu

Шмат хто з беларусаў абдумваў – ці далучыцца да стачак і страйкаў. Высновы розныя, калі паслухаць гарадзенцаў:

«Яны выйдуць на забастоўкі, некага падтрымаюць, выкажуць меркаванне, але самім сабе магчыма зробяць горш».

«Трэба неяк іншыя шукаць шляхі. Ад таго што людзі выйдуць і пакрычаць на вуліцах, нічога не зменіцца».

«Я працую энергетыкам. У нас забастоўкі забароненыя. Але, на колькі можам, дапамагаем тым, хто страйкуе».

Да пашырэння геаграфіі стачак апроч палітыкаў і адмысловых фондаў заклікаюць таксама землякі з замежжа:

«Не абслугоўвайце АМАП, унутраныя войскі і іншых сілавікоў. Яны харчуюцца за ваш кошт. Чаму ў вас заробкі па Br 600, а ў амапаўца цяпер заробак Br 6000?», – просіць Артур Грунтоў, які прадстаўляе беларускае зямляцтва ў Санкт-Пецярбургу.

Стачкоўцам і асобам, якія выязджаюць на заробкі за мяжу Лукашэнка пагражае, што «з’ехаў – назад не вернешся». Вось толькі хто будзе працаваць замест?

Hавiны
Страйк заціхае? Гутарка з працаўніком трактарнага заводу
2020.08.26 16:34

Да прыкладу, незаконна звольненых у першыя дні стачкі на «Горадня-Азот» замяніць складана.

«Большасць з іх – тэхналагічны персанал, які нельга так хутка замяніць. Любы чалавек, які прыходзіць на прадпрыемства з вуліцы, павінен адстажыравацца паў гады», – тлумачыць Андрэй Баканаўскас.

Пра падобную праблему нам кажуць у стачкамах на кожным прадпрыемстве.

Юлія Цяльпук belsat.eu