«Школьная праграма настолькі слабая, што на першым курсе бракуе ведаў». Чаму вынікі ЦТ – такія нізкія


Беларуская мова здадзеная. У Беларусі распачалося цэнтралізаванае тэставанне распачалося.

Першымі пачалі цэнтралізаванае тэставанне абітурыенты, якія абралі родную мову.

Сёлета справа з роднай мовай на цэнтралізаваным тэставанні значна палепшылася. Ахвотных здаваць беларускую стала болей у параўнанні з мінулым годам.

Летась зарэгістраваліся крыху больш за дваццаць дзве тысячы. Сёлета ж колькасць абітурыентаў, якія праходзяць выпрабаванне па беларускай мове, павялічылася прыблізна на шэсць тысячаў, то бок болей, чым на 28 %. У кантэксце агульнай тэндэнцыі гэтую статыстыку можна лічыць нечаканасцю. За апошнія дзесяць гадоў колькасць беларускамоўных школьнікаў скарацілася ўдвая.

«Папулярнасць беларускай мовы сярод моладзі расце. Ёсць тэндэнцыя, што беларускую мову выбіраюць хутчэй у Менску чымся ў рэгіёнах, хутчэй у лепшых школах чымся ў у горшых, хутчэй моцныя абітурыенты. Гэта сведчыць пра тое, што беларусы імкнуцца быць беларусамі», – лічыць Тамара Мацкевіч з Таварыства беларускай школы.

У траўні кіраўнік краіны заявіў пра блізкія змены ў цэнтралізаваным тэставанні.

«Былі ў нас замашкі, калі для складання тэстаў запрашаць акадэмікаў і іншых вундэркіндаў. Яны сапраўды вялікія, яны пад сябе, як яны гэта разумелі, складалі гэтыя тэсты. І што мы атрымалі?», – казаў тады Лукашэнка.

З ягоных словаў, цяпер ЦТ будзе цалкам арыентаванае на школьную праграму. Маўляў, ранейшыя крытэрыі складання тэстаў не вытрымалі крытыкі.

Словы Лукашэнкі і першыя новаўвядзенні выклікаюць неадназначную рэакцыю экспертаў.

«Ён не спецыяліст у адукацыі, ён не ведае, што тэсты даўно адпавядаюць школьнай праграме, – кажа Тамара Мацкевіч. – Іншая справа, што школьная праграма настолькі слабая, што гэтых ведаў не хапае, каб нармальна вучыцца на першым курсе ВНУ. Школа не дае нават гэтых ведаў. У настаўнікаў няма матывацыі».

Пакуль узровень адукацыі ў большасці сярэдніх школаў не дае абітурыентам магчымасці атрымаць бліскучыя вынікі на цэнтралізаваным тэставанні. Сярод галоўных прычынаў эксперты называюць малаэфектыўную сістэму навучання, нястачу кваліфікаваных настаўнікаў, а таксама недастатковы ўзровень падручнікаў.

Ян Бабіцкі