Аб'ектыў 19.05.2019 Школа будзе кантраляваць дзяцей падчас летніх вакацыяў


Да летняга сезону адпачынкаў застаецца роўна два тыдні: якія ў людзей планы на лета?

«Што вы будзеце рабіць і дзе вы будзеце 22 чэрвеня, ці ведаеце?».

«Гэта субота? Будзем адпачываць – пойдзем гуляць у горад».

«Што вы будзеце рабіць 15 ліпеня?»

«15 ліпеня? Напэўна, на працу пайду. А больш не ведаю».

«Дзе вы будзеце і што вы будзеце рабіць 14 жніўня».

«14 жніўня? Адпачынак будзе – буду адпачываць. Паеду, магчыма, нават на мора.

«А кожны дзень лета можаце спланаваць? Не, немагчыма. Больш, чым на тыдзень, наўрад ці магу будаваць планы.

«Бацькі ж некаторых вучняў ужо цяпер мусяць адказаць школьнай адміністрацыі, дзе і з кім кожны дзень з трох летніх месяцаў будзе іхнае дзіця».

Такое патрабаванне ад школьнай адміністрацыі атрымаў і гарадзенец Гергій Рой.

«…Вялікае пытанне – навошта ўсё гэта трэба?! Менавіта бацькі адказваюць за сваіх дзяцей, а не школа і тым больш не таварышы чыноўнікі. Гэткія анкеты можна разглядаць як умяшанне ў жыццё сям’і. Спачатку збіраюць інфармацыю, а потым будуць кантраляваць і выстаўляць прэтэнзіі, калі раптам планы сям’і змяніліся», – піша Георгій Рой.

Гэткія патрабаванні не першы год атрымліваюць і бацькі дашкольнікаў таксама, кажа маці траіх дзяцей.

«Гэтыя паперкі запаўняюцца ўвесь час, колькі я памятаю. Запаўняюцца – каб толькі адвязацца, бо ў школе ніхто за імі не сочыць. Самі паперкі – бланкі – такія маленькія, што туды нічога, апроч «у Менску» або «на лецішчы» не ўпішаш», – кажа Надзея Гацак, маці траіх дзяцей.

У Міністэрстве адукацыі заяўляюць, што не давалі гэткага распараджэння, гэта ініцыятыва саміх школаў.

«Гэта не патрабаванні, а звычайныя звесткі, дзе дзіця будзе ўлетку. Ёсць бацькі, якія выпіваюць, і дзеці пакінутыя самі сабе. Гэта ўсё дзеля іх», – паведаміла прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая.

Не толькі бацькі, але і настаўнікі не бачаць сэнсу ў такіх патрабаваннях:

«Чаму школа павінная адказваць за дзяцей падчас летніх вакацыяў – дзе адказнасць бацькоў?», – кажа настаўніца Марына Хоміч.

Здавалася б, дробязь – запоўніць паперкі. Але, робячы гэта, чаму мы вучым нашых дзяцей? Згаджацца з бессэнсоўнымі патрабаваннямі ды звышкантролем сем’яў?

Галіна Абакунчык, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары