Шэры Кот: Пакуль вы рабілі інтэрв’ю, на мой канал падпісалася яшчэ 100 чалавек, якія хочуць ведаць праўду

Палітвязнем праваабаронцы хацелі абвесціць блогера Змітра Казлова, больш вядомага як Шэры Кот. Пакараны на 90 содняў арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях, маладзён нечакана і толькі часова выйшаў на волю, бо ў аршанскім ізалятары праводзяць дэзынфекцыю…

Неспадзявана выйшаў на волю і свой стрым назваў «З Калядамі і Новым Годам!», бо для яго святы толькі пачынаюцца. У Аршанскім ІЧУ блогер Зміцер Казлоў, больш вядомы як Шэры Кот апынуўся 24 снежня. Ідучы дамоў пасля вызвалення, марыў:

«Прыйсці, памыцца, адпачыць і прачытаць паведамленні. Мне, блогеру, трэба даведацца, што мне пісалі, і паглядзець навіны. Бо я месяц быў у ізаляцыі і не ведаю, што ў свеце адбываецца – якія былі мітынгі, каго пасадзілі, каго адпусцілі, як Лукашэнка, што Пуцін».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Ужо сёння вярнуўся да грамадскага жыцця, хоць «неадседжанымі» засталіся яшчэ два тэрміны. Таму турэмнае «сабойкі» Зміцер не разбірае, як і некалькі іншых актывістаў, якія выйшлі з ізалятараў з не адбытымі да канца тэрмінамі – за заклікі, арганізацыю ці ўдзел у мітынгах супраць інтэграцыі з Расеяй. Шэры Кот перакананы, што здарма:

«Могуць, напрыклад, на тыдзень «закрыць» на Дзень Волі, яшчэ некалі. А потым на месяц у жніўні, каб прайшлі выбары «спакойна».

Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях дазваляе суду караць парушальніка на 15 содняў арышту паводле аднаго пратаколу. Калі пратаколаў некалькі – максімальнае пакаранне 25 содняў. Гэта 6 пратаколаў супраць аршанскага блогера. Правіла іх сумавання суд праігнараваў: паводле кожнага прысудзіў 15 содняў.

Праваабаронца Павел Левінаў, які апекаваўся арыштаваным на працягу месяца, абураецца:

«Любое пакаранне мае быць гуманным. 90 содняў паводле адміністрацыйнага працэсу – ні пра якую гуманізацыю тут не вядзецца. За крымінальныя злачынствы часам сядзяць 90 дзён».

Гэта ўдвая большы тэрмін, чымся для арганізатара акцыяў у сталіцы Паўла Севярынца. Згодна з судовымі пастановамі, за краты Казлоў трапіў за публічныя заклікі да правядзення пратэстаў у снежні і публікацыю гэтых заклікаў на сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках.

«Пакуль вы рабілі са мною інтэрв’ю, на мой канал падпісалася яшчэ 100 чалавек, якія хочуць ведаць праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі», – кажа Шэры Кот.

Гэта і ёсць прычына пераследу апазіцыйных блогераў, лічыць намеснік старшыні «Беларускай Асацыяцыі журналістаў» Барыс Гарэцкі:

«Такія людзі як Шэры Кот, Сяргей Ціханоўскі, Сяргей Пятрухін – блогеры, найбольш небяспечныя для ўлады. Гэта новы від актывізму – інтэрнэт-актывізм. Для ўлады гэта небяспека, калі блізкі з аўдыторыяй блогер заклікае моладзь на нейкія акцыі, моладзь паслухае гэтага блогера».

У снежні, у дні, калі чакалася падпісанне Лукашэнкам і Пуціным інтэграцыйных дакументаў, вялікую частку пратэставай хвалі складала моладзь. Праваабаронцы заклікаюць уладу не караць за мірныя акцыі ў абарону суверэнітэту.

Судзілі з паўсотні ўдзельнікаў акцыяў. За кратамі Новы год сустракалі 10 асобаў. Усе яны дадаткова маюць заплаціць ізалятарам за ўтрыманне – Br 13,5 рублёў велічыні за содні. Рахунак Змітра Казлова на сённяшні дзень складае Br 332 рублі. Апроч гэтага:

«Невядома, што мне за 30 дзён у кватэру маглі падкінуць. Міліцыянты мелі ключы, і на працягу 30 дзён маглі зрабіць што заўгодна. Я ж не ведаю… нехта мне нават пісаў: апасайся правакацыяў. Заўтра можа прыйдуць і заявяць – вось ты тут гандлюеш», – гаворыць Зміцер.

Нягледзячы на ціск, блогер Шэры Кот вярнуўся на сваю тэрыторыю і будзе працаваць з інфармацыяй як раней.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама