Саюз палякаў зладзіў свята нягледзячы на перашкоды збоку ўладаў


(глядзіце матэрыял на 7.44 хвіліне)

Калядная ялінка сталася святам для пяцісот дзяцей, настаўнікаў і іх бацькоў, якія вывучаюць польскую мову ў розных гарадах Беларусі.

Мазыр, Браслаў, Барысаў, Вялейка, Стоўпцы – толькі некаторыя гарады, адкуль прыехалі навучэнцы суполак польскай мовы. Дзяцей, іхных бацькоў і настаўнікаў вітаў амбасадар Польшчы ў Беларусі.

«Палякаў у Беларусі вельмі шмат, шмат хто памятае пра свае карані і хоча вывучаць польскую мову. Гэта цудоўна. І спадзяемся, што такая магчымасць будзе і надалей!», выказвае спадзяванне амбасадар Рэспублікі Польшча Артур Міхальскі.

Напярэдадні адміністрацыя аднаго са сталічных клубу без тлумачэння адмовіла ў памяшканні для імпрэзы. Дзеючы ў паўлегальным стане вось ужо дваццаты год, Саюз палякаў зладзіў свята нягледзячы на традыцыйныя перашкоды.

«Мы адчуваем ціск з боку ўлады, а гэта перадусім – дзеці, якім улады забараняюць браць удзел вось у такіх хваінках, дзе дзеці могуць расказаць вершык на польскай мове, заспяваць песню, атрымаць падарунак ад святога Мікалая», заяўляе старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс.

Тым часам польскую мову ў Беларусі вывучаюць не толькі дзеці і этнічныя палякі, але і беларусы ўсіх узростаў.

«Польшча – нашая суседка, маем добрыя адносіны, а апошнім часам шмат людзей стараецца выехаць на працу, бо ў Беларусі з працай цяжкавата. Таму стараюцца людзі вучыць», кажа старшыня Саюзу палякаў у Менску Алена Марчукевіч.

Беларуская польская меншасць прымае у сваю сям’ю ўсіх ахвотных, незалежна ад нацыянальнасці, пры гэтым самая застаецца падчаркаю ў беларускай сям’і.

Галіна Абакунчык, «Белсат»