Савецкія метады ваенна-патрыятычнага выхавання не пройдуць


Прапановы ўзмацняць патрыятызм моладзі Лукашэнка агучваў не аднойчы.

На хвалі мірных пратэстаў пасля выбараў гэтая тэма паўстала ізноў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: sch61.minsk.edu.by

Яшчэ ў лістападзе ён абмяркоўваў неабходнасць зліквідаваць прабелы ў патрыятычным выхаванні з міністрам абароны Віктарам Хрэніным. Цяпер жа пра магчымасць ваенна-патрыятычнага выхавання ў школах заявіў старшыня Беларускага саюзу афіцэраў Сяргей Бобрыкаў. Нягледзячы на тое, што ў старэйшых класах вайсковая падрыхтоўка выкладаецца.

«Дзеці вельмі моцна загружаныя, не хапае часу нават на тыя прадметы, якія ёсць. І гэту праграму выкласці ўжо робіцца часам праблемай. Дадаваць нейкі прадмет – трэба разважаць наколькі ён сапраўды патрэбны. А ў сённяшняй сітуацыі нейкая ваенная накіраванасць – гэта ўвогуле, як мне падаецца, вяртанне назад. І вельмі далёка назад ды не ў найлепшыя гістарычныя прыклады», – кажа настаўнік менскай школы Алесь.

Настаўнікі, якія пагадзіліся паразмаўляць з намі на ўмовах ананімнасці, не ўхваляюць магчымага новаўвядзення з прычыны ўжо і́снага ідэалагічнага ціску ды пільнай увагі да такіх прадметаў, як беларуская мова, літаратура і гісторыя. Наш суразмоўца зазначае, што дзеці не моцна паддаюцца прадзяржаўнаму патрыятычнаму выхаванню.

«Калі дзецям кажуць, што сталінскіх рэпрэсіяў не існавала і што нашая гісторыя пачынаецца з ХХ стагоддзя, то які тут можа быць патрыятызм? Але тое, што робіцца ў школе, мне падаецца, падштурхоўвае дзяцей да таго, што яны ідуць наадварот. Вось гэты пратэст іхні: чуюць інфармацыю, якую яны абсалютна не ўспрымаюць, і шукаюць доказы, што было па-іншаму. І так прыходзяць да беларушчыны», – мяркуе хлопец.

Мы ж запыталі на вуліцах Менску, як людзі ставяцца да ідэі ваенна-патрыятычнага выхавання ў школах:

«Ваенная тэматыка ніякім чынам не павінна ў школе падымацца, акрамя як у кантэксце нашай гісторыі. І любоў да радзімы».

«Калі ў кагосьці з дзяцей ёсць да гэтага схільнасць, то на гэта варта звярнуць увагу, а калі няма, то яго прымушаць гэта рабіць не трэба».

«Дзеці павінны ўсё ведаць. Гісторыю сваю, як усё стваралася, як атрымалася мірнае неба над зямлёй».

На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, захады ўладаў для выхавання моладзі паводле савецкай схемы ўжо даўно не адпавядаюць узроўню развіцця беларускага грамадства.

«Варта выхоўваць грамадзян сваёй краіны, свядомых грамадзян, якія ведаюць гісторыю, ведаюць свае правы. І тады яны, калі спатрэбіцца, будуць свядома абараняць сваю радзіму. Не таму, што цябе ў ваенкамат прызвалі, і калі не прыйдзеш, цябе будуць судзіць. А таму, што гэта радзіма дае правы, дае свабоды, дае магчымасць самарэалізацыі», – падкрэслівае палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Укладанне грошай у відавочна састарэлыя метады выхавання патрыятызму, падкрэслівае адмыслоўца, кажа пра тое, што ўлады так і не навучыліся прымяняць больш тонкія механізмы ў камунікацыі з грамадствам.

Хрысціна Чарняўская, belsat.eu