Сацыялагічнае даследаванне: расейцы выбачаюць Сталіну рэпрэсіі, беларусы - не


Ажно 70 адсоткаў расейцаў пазітыўна ставяцца да ролі Іосіфа Сталіна ў жыцці краіны, і амаль палова гатовая апраўдаць рэпрэсіі. Пра гэта сведчаць сацыялагічнае апытанне «Левада-цэнтру», праведзенае ў мінулым месяцы. Гэткі рэйтынг Сталіна – рэкорд у расейскай сацыялогіі. Адкуль такі паварот у грамадскім гусце, і ці пагражае гэта неяк Беларусі?

Ані рэпрэсіі, ані генацыд цэлых народаў – нішто не пераконвае расейцаў адмовіць станоўчую ролю Іосіфа Сталіна ў жыцці краіны. Апытаныя намі жыхары Вялікага Ноўгараду кажуць наступнае:

«Шмат для краіны зрабіў, я лічу так, у свой час. Пры жыцці яшчэ. Як-ніяк, дзякуючы яму яшчэ вайна выйграная была».

«Парадак быў, а не тое бязладдзе, што цяпер».

«Не бачу пазітыўных аспектаў дзейнасці Сталіна, калі шчыра».

«– Красці баяліся.

– А пра рэпрэсіі што-небудзь памятаеце?

– Так, дзядуля пацярпеў. Але, як і пры любой уладзе, перагібы заўсёды ёсць».

«Зараз бы Сталіна – быў бы парадак. Да сталінскіх рэпрэсіяў мая сям’я таксама дакранулася», – працягвае тая самая асоба.

І не, гэта не проста адзінкавыя адказы з вуліцаў расейскага гораду.

Даследаванне «Левада-Цэнтру». Якую ролю Сталін адыграў у жыцці Краіны? Меркаванне расейцаў:

18 % – цалкам станоўчую

52 % – хутчэй станоўчую

14 % – хутчэй адмоўную

5 % – рэзка адмоўную

11 % – складана адказаць

«Левада-Цэнтр» на падставе апытання па ўсерасейскай выбарцы сцвердзіў: так ці іначай, 70 % добра ацэньваюць дзейнасць савецкага дыктатара. Аляксей Левінсон, сацыёлаг, «Левада-Цэнтр»:

«Жаданне трымацца разам прымушае шукаць такія абʼяднаўчыя сімвалы. Сталін – адзіная фігура, калі казаць пра фігуры гістарычныя, якая пасуе да гэтае ролі. Ну, калі не лічыць Пуціна».

Сацыёлаг кажа, што Сталін абʼядноўвае, бо асацыюецца з перамогай у Другой сусветнай вайне. Некаторыя эксперты абгрунтоўваюць такі рэйтынг рэзкім збядненнем насельніцтва, якога ў Беларусі не назіраецца.

«Цяпер шляхі ўспрыняцця рэальнасці беларускага і расейскага грамадства разышліся. І не столькі самое ўспрыняцце рэальнасці, колькі самыя рэальнасці», – тлумачыць палітолаг Сяргей Нікалюк.

У Беларусі апытанняў пра Сталіна даўно не праводзілі. Але ў 2015-2016 гадах Pew Research Center запытваў жыхароў усходнееўрапейскіх краінаў, хто адыграў лепшую ролю ў гісторыі: Іосіф Сталін ці Міхаіл Гарбачоў?

Крыніца: Pew Research Center, 2015-2016. Сталін – Гарбачоў (%):

Беларусь: 26 – 36

Эстонія: 9 – 56

Расея: 58 – 22

Румынія: 29 – 47

Грузія: 57 – 18

У Беларусі Сталіна найвышэйшым чынам ацаніла крыху больш за чвэрць апытаных. І гэта пры тым, што ў Беларусі дагэтуль закрытыя архівы КДБ.

«Я ведаю савецкіх кіраўнікоў, пачынаючы ад Уладзіміра Ільіча Леніна, Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна – гэта ж сімвалы нашага народу», – заяўляў Аляксандр Лукашэнка ў 2006-м.

А годам раней кіраўнік Беларусі асабіста адкрываў музейны комплекс «Лінія Сталіна». Мы ж за паўгадзіны не знайшлі на сталічных вуліцах ніводнага чалавека, які б адназначна станоўча выказаўся пра савецкага дыктатара:

«Я ведаю, што цяпер рэанімуюць культ Сталіна. Але гэта будзе адмоўна».

«Толькі адмоўная роля Сталіна, гэта проста жах».

«Я лічу, што нельга [паказваць] усё ў чорным і белым. З рэпрэсіямі перагнулі, так».

«Сталін – гэта тыран. Гэта чалавек, якога чалавекам нельга назваць».

«Дыктатары ўвогуле, падаецца, нонсэнс для любога грамадства. Нашто яны патрэбныя?»

Спробы рэабілітаваць Сталіна ў бальшыні беларусаў не знаходзяць станоўчых водгукаў, бо ў нас памятаюць пра рэпрэсіі, якія закранулі кожную сямʼю, кажа даследчык Ігар Кузняцоў:

«Усе дзеянні ўладаў апошняга перыяду – «крыжаломы» і ўсё астатняе – наадварот, негатыўна ўзбуджаюць ацэнку Сталіна, нават тыя, якія не ведалі, хто такі Сталін, цяпер будуць ставіцца негатыўна».

А таму, паводле гісторыка, з кожным годам сімпатыі да Сталіна ў беларускім грамадстве, у адрозненне ад расейскага, будуць зніжацца.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: belsat.eu