Саннікаў: Дыялог паміж рэжымам Лукашэнкі і Бруселем не дасць ніякіх вынікаў


Не ісці шляхам гэтак званай рэал-палітыкі апазіцыйныя лідары і незалежныя дэпутаткі ніжняй палаты беларускага парламенту заклікалі Варшаву. Прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі сёння прымаў Польскі сейм.

Лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху салідарнасці «Разам», Партыі БНФ, аргкамітэту для стварэння Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», незалежныя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў – у польскім Сейме ўсе яны шмат казалі пра сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне. Але ці не мацней за іх чутно было тых, чые крэслы засталіся пустымі: затрыманых напярэдадні Рыгора Кастусёва і Міколу Статкевіча.

«Гэта такая правакацыя скіраваная і супраць польскіх уладаў. У Беларусі глядзяць: не даехаў Кастусёў і Статкевіч. А як будзе рэагаваць Варшава? Калі яны вытруцца, калі не будзе рэфлексіі, заяваў, ну значыць мы пашырылі гэтыя сцяжкі чырвоныя. Яны стаяць яшчэ шырэй і ў нас стала яшчэ больш магчымасцяў для гэтай раскілзанай палітыкі, якую мы робім», – кажа лідар Абʼяднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька.

Камісія польскага Сейму ў пытаннях замежных справаў ня толькі заклікала неадкладна вызваліць усіх затрыманых напярэдадні палітыкаў і актывістаў, але і заявіла пра тое, што лютаўскія мясцовыя выбары не спаўнялі самых асноўных дэмакратычных патрабаванняў. Варшава збіраецца данесці сваё меркаванне да рэшты Абʼяднанай Еўропы.

«Еўрапейскі звяз цяпер вельмі заняты сабою. Патрэбна шмат актыўнасці Польшчы, ды іншых краінаў ЕЗ, каб беларуская справа гучала. Беларусь мусіць мець сваіх адвакатаў у Еўропе і варта, каб гэтую ролю традыцыйна рэалізавала польская дыпламатыя», – адзначае старшыня дэпутацкай групы ў справах Беларусі Роберт Тышкеіч.

Беларускія ж апазіцыянеры ў Варшаве казалі пра небяспеку занадта прагматычнага погляду на дачыненні з афіцыйным Менскам.

«Ніякі дыялог паміж рэжымам Лукашэнкі і Бруселем не дасць ніякіх вынікаў. Нават для бізнесу, нават для гандлю ніякіх вынікаў не будзе, я гэта вам адказна кажу», – мяркуе каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Афіцыйная Варшава трымаецца больш стрыманай пазіцыі.

«Мы павінныя весці палітыку ўмоваў. То бок гледзячы на прагрэс у галіне дэмакратызацыі, свабоды медыяў, грамадзянскіх свабодаў, мы будзем адкрывацца да супрацы з афіцыйным Менскам. Гэта адзіны сэнсоўны шлях да якога-заўгодна пацяплення ў дачыненнях з Беларуссю», – кажа Роберт Тышкевіч.

А прагрэсу з правамі чалавека тым часам не бачна. Пра гэта па выніках сваёй леташняй працы казаў у чэрвені між іншага адмысловы спавяшчальнік ААН у справе Беларусі Миклаш Харасці. Што ж да свабоды медыяў…

«Я распавяду толькі пра дзве лічбы. Летась нашыя журналісты заплацілі больш за 100 тысячаў злотых штрафаў. Маючы гэта на ўвазе, мы запланавалі падобную суму, каб мець з чаго аплачваць штрафы. Дык вось – гэтая сума ўжо вычарпаная», – упэўнены Аляксей Дзікавіцкі, віцэ-дырэктар тэлеканалу «Белсат».

Сёлета нашых журналістаў і фрылансераў, што супрацоўнічаюць з «Белсатам», судзілі ўжо шэсцьдзесят восем разоў. Сума штрафаў на сёння перакрочыла ўжо Br 45000.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»