Санкцыі супраць Лукашэнкаў


Еўрапейскі звяз пашырыў персанальныя санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і верных яму чыноўнікаў, перадусім прадстаўнікоў рэпрэсіўна-сілавога апарату, адказных за фальсіфікацыю выбараў, грубыя парушэнні правоў беларусаў і бесчалавечныя катаванні. Як мы і анансавалі раней, сёння чорны спіс пашырыўся на 15 чалавек. У яго ўвайшоў сам Лукашэнка і ягоны сын і дарадца Віктар.

Забарона на ўезд на тэрыторыю Еўразвязу і замарозка ўсіх еўрапейскіх актываў. Пад гэтыя санкцыі трапілі спачатку 40, а сёння яшчэ 15 беларускіх чыноўнікаў.

Тут і сам Аляксандр Лукашэнка, і ягоны сын Віктар, старшыня КДБ Іван Церцель, старшыня Следчага Камітэту Іван Наскевіч з намеснікамі, камандзір групы «Альфа» Сяргей Зубкоў і прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіла, што не пакіне санкцыі без адказу.

Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка і верныя яму чыноўнікі груба парушаюць закон і правы чалавека, сведчыць і апублікаваная напярэдадні справаздача Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ – Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе, якая аб’ядноўвае не толькі краіны Еўразвязу. У дакуменце на шэсць дзясяткаў лістоў прадстаўленыя сведчанні наступных фактаў.

«Запужванне і пераслед палітычных актывістаў, кандыдатаў, журналістаў, адвакатаў, рабочых актывістаў ды праваабаронцаў, а таксама затрыманні патэнцыйных кандыдатаў; фальсіфікацыя выбараў, абмежаванне доступу да інфармацыі, у тым ліку адключэнне інтэрнэту; празмернае ўжыванне сілы адносна мірных пратэстоўцаў; свавольныя і незаконныя арышты або затрыманні; збіццё; сексуальны і гендарны гвалт; выкраданні і гвалтоўныя знікненні; катаванні ды іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага або прыніжальнага годнасць абыходжання і пакарання, а таксама масавая беспакаранасць вінаватых у здзяйсненні ўсіх вышэйзгаданых дзеянняў», – такую фармулёўку ўтрымлівае справаздача БДІПЧ АБСЕ.

Справаздача АБСЕ важная для мільёнаў свабодных беларусаў, заявіў былы дыпламат і міністр культуры Павел Латушка, у тым ліку для пацярпелых ад міліцэйскага садызму. Доказы, якія сабралі грамадзяне, пойдуць у крымінальныя справы супраць сілавікоў.

«У АБСЕ рэкамендавалі закласці незалежны міжнародны орган для расследавання крымінальных злачынстваў адносна грамадзянаў Беларусі. Фактычна, можна казаць пра перспектыву стварэння міжнароднага трыбуналу», – падкрэслівае Павел Латушка, які цяпер уваходзіць у прэзідыум Каардынацыйнай Рады транзіту ўлады.

Справаздача падкрэслівае абгрунтаванасць патрабаванняў беларусаў, якія выходзяць на акцыі пратэсту: адказнасць для злачынцаў, адстаўка Лукашэнкі і новыя выбары, кажа палітык:

«Справаздача замацавала непрызнанне Лукашэнкі кіраўніком дзяржавы і прызнала доказы таго, што выбары былі сфальсіфікаванымі, пацвердзіла абгрунтаванасць патрабаванняў грамадзянаў у правядзенні новых справядлівых выбараў. Дарэчы, рэагуючы на гэтую справаздачу, сёння Нямеччына прыняла рэзалюцыю аб непрызнанні выбараў у Беларусі».

Таксама падыход АБСЕ падтрымалі Вялікая Брытанія і Злучаныя Штаты. Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа заявіў, што рэкамендацыі ў справаздачы мусяць стаць дарожнай мапай выхаду з крызісу.

Міністэрства замежных справаў ужо заявіла, што не прызнае дакументу АБСЕ.

Сам Лукашэнка ісці ў адстаўку не плануе, а наадварот, сёння паабяцаў навесці парадак паводле просьбаў народу.

«Некаторыя ад нас патрабуюць новыя выбары. Гарантую вам новыя выбары. Тады, калі вы прымяце рашэнне. Я вам гарантую», – заявіў Лукашэнка на сустрэчы з будаўнікамі менскага метро.

Лукашэнку падтрымлівае Крэмль. Сёння дырэктар Службы знешняй выведкі Сяргей Нарышкін зноўку заявіў, што ў Беларусі заходнія спецслужбы ўжываюць тэхналогіі каляровых рэвалюцыяў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»