«Самый паршивый день» у жыцці Лукашэнкі


Усцяж нязменны кіраўнік Беларусі. Самая публічная асоба ў краіне. Але невядомага пра Лукашэнку значна больш, чым вядомага. І вядзецца не толькі пра ягоныя даходы, самалёты і параходы, пра жонак афіцыйных і часовых, пра дзяцей прызнаных і не. Пад пытаннем нават дзень, калі ён нарадзіўся. 55 гадоў лічылася, што 30 жніўня, а 11 гадоў таму ён пастанавіў змяніць дату на 31-га. Абмалажэнне на адзін дзень сутнасці рэчаў не змяніла. Лукашэнку сёлета – 66 гадоў!

Беларусы складаюць зычэнні:

«Што можна пажадаць фашысту? Фашыст і ўсё! На жаль, я таксама нарадзілася ў гэты дзень. Я б хацела ў іншы».

«Кажуць, што ворагу трэба зычыць здароўя».

«Хай будзе здаровы і не перашкаджае жыць іншым! Мне таксама 66, я два гады таму перастала працаваць».

«Я жадаю яму росквіту! І каб ён жыў заўсёды!»

«Чортаў тузін, хай яму так і будзе, як заслужыў».

«Я яму – нічога!»

«Сысці на пенсію!»

«Сыходзь!»

Але нават на патрабаванне беларусаў Лукашэнка гэтага рабіць не збіраецца.

«Ніхто, нават я, чалавек, які сядзеў побач з Лукашэнкам у парламенце 4 гады, нават я не ведаў ягонага дыягназу. Чалавек – хворы на ўладу. Гэтага ніхто не мог пралічыць – ні адна аналітычная служба і ні адзін шараговы выбарца», – кажа апазіцыйны палітык Анатоль Лябедзька.

Сёлета на Дзень народзінаў неабранага кіраўніка краіны на вуліцы выйшлі ягоныя непрыхільнікі:

«Шчыра хачу пажадаць, каб гэты дзень народзінаў быў апошнім у нашай краіне».

«Я не жадаю яму быць збітым як наш народ, не жадаю яму смерці, я не хачу, каб ён жыў у гэтай краіне!»

«Ён ужо перажытак мінулага»!

«Лука, са святам! З апошнім годам ва ўладзе!» – гэтак віншавалі Лукашэнку ля беларускай амбасады ва Украіне. Былі і святочныя пажаданні, і нават падарункі ад удзельнікаў акцыі пад амбасадай Беларусі ў Кіеве:

«Гэта калючкі, гэта сушняк, чорныя калючкі – гэта ўсё тое, што ён даў народу».

«Я зычу яму адчуць усё тое ж самае, што адчувалі ў нас людзі ў Акрэсціна».

А гэты вянок – падарунак ад беларусаў Масквы. У Вільні таксама не забыліся на дзень народзінаў Лукашэнкі. Не бракавала ні кветак, ні знічоў, дарылі мыла з вяроўкаю, сухарыкі і нават уран.

«Парфум для Лукашэнкі: карыстайся і бяжы. Стоп-таракан!»

«У мяне ў якасці падарунка – паштоўка. Я намалявала Лукашэнка – вампір, які п’е кроў з беларускага народу. І ягонае месца ў вязніцы ў усміральнай кашулі».

«Падараваць яму белы сцяг як знак, што ён можа ўсё яшчэ мірна сысці. Хаця сцяг ужо растоптаны ягоным АМАПам і абліты крывёй невінаватых, але ён усцяж яшчэ белы».

«Абыйдзецца без падарунку, хай проста сыходзіць!», – казалі ўдзельнікі акцыі пад амбасадай Беларусі ў Вільні.

Аднойчы Лукашэнка прызнаўся, што для яго дзень народзінаў – самы «паршивый» дзень у жыцці. Выглядае, што не толькі для вас, Аляксандр Рыгоравіч.

Вольга Старасціна, «Белсат»