«Самае страшнае злачынства – удзел у масавым мерапрыемстве». Што зменіцца ў «новым» КаАП


У кастрычніку журналістка Алена Доўнар правяла за кратамі 30 дзён запар на падставе двух пратаколаў паводле артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях.

Першыя 15 Алена атрымала нібыта за ўдзел у жаночым маршы 26-га верасня, другі такі ж тэрмін ёй прызначылі за акцыю 6-га верасня. Найбольш складаным, прызнаецца нашая калега, была адсутнасць сувязі звонку.

«Увесь час у цябе напружанне. Да апошняга дня я не верыла, што магу выйсці. А па-другое, гэта разуменне, што месяц, які ты праседзеў там, – гэта згублены час. Яны проста забралі ў цябе месяц твайго жыцця ні за што», – узгадвае журналістка Алена Доўнар.

Цяпер жа, згодна са змяненнямі, якія чакаюцца ў Кодэксе аб адміністратыўных правапарушэннях, за паўторны пратакол паводле «народнага» артыкулу змогуць прысудзіць адразу да 30 содняў арышту ці штраф памерам да 5400 рублёў. Праваабаронца Тамара Сідарэнка лічыць такія змены ў прынцыпе адпаведнымі сітуацыі ў нашай краіне.

«Адміністратыўны кодэкс прадугледжвае такія сур’ёзныя парушэнні, як хуліганскія дзеянні, парушэнні ў быце, у газавай гаспадарцы, электра… Ува ўсім нашым жыцці дзейнічае адміністратыўны кодэкс за любое парушэнне. Але, аказваецца, самым страшным парушэннем, самым небяспечным, мяркуючы з пакарання, прызнанае якраз удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», – разважае праваабаронца Тамара Сідарэнка.

І гэта не адзінае новаўвядзенне, прынятае Палатаю прадстаўнікоў у другім чытанні 18 снежня. Гэтак, з’яўляецца новы від пакарання ў выглядзе грамадскіх працаў. За здзяйсненне некалькіх адміністратыўных правапарушэнняў максімальны тэрмін арышту павялічваецца з 25 да 30 содняў, з артыкулу 23.34 наагул выключаецца такая мера пакарання, як папярэджанне.

Павялічваюцца і памеры штрафаў: максімальны за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ўзрос з 810 рублёў да 2700, такую ж суму давядзецца плаціць за непадпарадкаванне міліцыянтам, а за абразу службовай асобы ў інтэрнэце могуць пакараць на суму да 5400 рублёў.

«Гэтая жорсткасць, на мой погляд, не абумоўленая справядлівасцю. Тут забыты, найперш, артыкул 23 Канстытуцыі ды Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта два асноўныя дакументы, на якія павінны раўняцца і Кодэкс, і ўсе астатнія законы», – падкрэслівае Тамара Сідарэнка.

Для большасці еўрапейскіх краінаў не характэрная практыка караць чалавека за ўдзел у масавым мерапрыемстве, а атрыманне дазволу на правядзенне мае заяўляльны прынцып.

«Пакуль чалавек, удзельнічаючы ў масавым мерапрыемстве, не парушае іншае заканадаўства – не знаходзіцца ў стане алкагольнага апʼянення, не збівае тых, хто вакол, – яго няма за што караць», – зазначае юрыстка і палітолаг Вольга Харламава.

Усе змяненні могуць набыць моц пасля падпісання дакументу Лукашэнкам, выдання адпаведнага закону і публікацыі яго на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Як падкрэслівае праваабаронца Тамара Сідарэнка, з улікам таго, як хутка праводзіўся нарматворчы працэс, чакаць гэтага моманту не давядзецца доўга.

Хрысціна Чарняўская, belsat.eu