Самае дзіўнае каляднае віншаванне – Доналда Трампа


Ад Менску да Кіншасы, на экватары, сінайскіх пясках і ў скандынаўскіх снягах хрысціяне заходніх абрадаў адзначаюць Божае Нараджэнне.

Для самых маленькіх калядныя святы – гэта час цудаў, падарункаў і забаваў. Біблейскія гісторыі ў народнай батлейцы гомельскім дзеткам паказала краязнаўчая суполка «Талака».

«Талака» – гэта слова, якое кажа самое за сябе. Сам чалавек будзе рабіць усё марудна. А калі сабрацца талакою, то і батлейка зробіцца за адзін працоўны дзень», – кажа Пётр Цалка, загадчык філіі Веткаўскага музею.

Галоўнае набажэнства Беларусі прайшло ў менскім саборы Найсвяцейшай Панны Марыі. Яшчэ да святочнага набажэнства гледачоў «Белсату» павіншаваў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Няхай Езус сваёй ласкаю народзіцца ў вашых сэрцах, няхай яго супакой прабывае ўва ўсіх вас на святы Божага Нараджэння і праз увесь наступны новы год. Са святам, з Новым годам!», – павіншаваў беларусаў галава Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч.

Беларуская сталіца ўжо напоўніцу рыхтуецца да надыходу 2019-га года. Напярэдадні менскімі вуліцамі прайшоў парад Дзедаў Марозаў.

А ў сэрцы заходняга хрысціянства – на плошчы Святога Пятра ў Рыме – у каляднай імшы бралі ўдзел 10 тысяч вернікаў.

«Вельмі шмат людзей сёння бачаць сэнс жыцця ў матэрыяльным багацці, у валоданні лішнімі матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Няўтольнаю сквапнасцю адзначаная ўся чалавечая гісторыя. Нават у нашыя дні некаторыя шыкоўна балююць, у той час як зашмат людзей не маюць штодзённага хлеба», – казаў у сваёй прамове Папа Рымскі Францішак.

Запаленымі свечкамі і слязамі сустракала Божае Нараджэнне невялікая хрысціянская суполка ў інданезійскай правінцыі Бантэн. Цунамі, якое пранеслася праз рэгіён, забрала жыцці больш як 400 чалавек.

«Мы звычайна адзначаем Божае Нараджэнне з радасцю, забавамі, але пасля ўчорашняга цунамі мы можам толькі з пакораю маліцца», – сказаў журналістам адзін з мясцовых хрысціянаў Ніксон Сігомбінг.

У гэты час у сталіцы Конга – Кіншасе – вернікі маліліся за дэмакратыю і паспяховыя прэзідэнцкія выбары. Яны могуць пакласці канец аўтарытарнай уладзе прэзідэнта Жазэфа Кабіля, які ўжо два гады адмаўляецца сыходзіць са сваёй пасады.

«Апублікаваць вынікі, якія не адлюстроўваюць волі народу, выражанай у галасаванні, – гэта значыць разбураць мір у нашай краіне», – заявіў арцыбіскуп Кіншасы Фрыдалін Амбанго.

Званы абвесцілі Божае Нараджэнне ў палестынскім Бэтлееме. На калядным богаслужэнні ў Базіліцы Божага Нараджэння прысутнічаў і кіраўнік палестынскай аўтаноміі – мусульманін Махмуд Абас.

Боем бубнаў і строямі пачвараў на Каляды адганяюць зіму жыхары нямецкага Мюнхену. А некаторыя жыхары Берліну ў гэтыя дні купаюцца ў ледзяной рацэ.

«Вада цудоўная – 4,4 дзясятыя градуса. А, прабачце, 4,9 градуса. Гэта вельмі цёпла! Некалі мы плавалі пры тэмпературы два градусы», – кажа берлінскі морж Пэтэр Рэтгер.

Больш прыемная, прынамсі з гледзішча шараговага верніка, аўстралійская калядная традыцыя. У Сіднэі Божае Нараджэнне традыцыйна сустракаюць на пляжы. Тэмпература мора сёння была 22 градусы.

«Ты па-ранейшаму можаш прыгатаваць індычку і нарэзаць калядны кумпяк. Я не сумую па роднай Англіі. Тут найлепшае месца, каб сустрэць Каляды», – кажа брытанскі турыст Эл Ўэлдан.

Прэзідэнт ЗША ў калядны вечар традыцыйна адказваў на тэлефанаванні дзяцей, якія пыталі, ці хутка да іх прыляціць Санта.

«Ты што, усё яшчэ верыш у Санта-Клауса?», – здзівіўся Трамп у размове з адным хлопчыкам.

Нумар тэлефона належыць Паўночнаамерыканскаму камандаванню паветрана-касмічнай абароны. Менавіта яно сочыць за палётам Святога Мікалая.

Згодна з падлікамі ракетчыкаў і кампаніі «Google», учора Святы Мікалай пераадолеў 335 тысяч кіламетраў і раздаў 7 з паловаю мільярдаў падарункаў. Хуткасць раздачы складала 87 тысяч падарункаў за секунду.

Аляксандр Папко, фота – The official photostream of the White House