Салідарнасць без межаў у часе пандэміі


Найбуйнейшая ў гісторыі сучаснай Польшчы гуманітарная дапамога вырушыла ў Беларусь. У бок нашай краіны накіраваліся 44 вялікія фуры, якія вязуць амаль 300 тонаў абсталявання.

«Гэта перадусім сродкі індывідуальнай аховы, чвэрць мільёна літраў антыбактэрыяльных вадкасцяў, 50 тысяч тэстаў, рэспіратары, камбінезоны – усё, што трэба для барацьбы з эпідэміяй!», – распавёў падчас адмысловага брыфінгу для журналістаў Міхал Дворчык, старшыня канцылярыі прэмʼер-міністра Польшчы.

Кошт гуманітарнай дапамогі перавышае 11 млн еўраў. Каштоўную дапамогу Польшча аказвае ў супрацы з Еўракамісіяй.

«Падобна, што гэта таксама найвялікшы гуманітарны груз у свеце ў часе эпідэміі каронавіруса. Мы хочам дапамагаць у вялікіх маштабах перадусім краінам-суседкам», – падкрэсліў на брыфінгу Павэл Яблоньскі, віцэ-міністр замежных справаў Польшчы.

І ў першую чаргу Беларусі, якая ўваходзіць у дзясятку краінаў з найбольшаю колькасцю інфікаваных у пераліку на мільён жыхароў.

«Нам удалося забяспечыць Польшчу ўсімі неабходнымі сродкамі для барацьбы з эпідэміяй. У межах дыялогу з беларускім бокам з‘явілася гэткая прапанова», – паведаміў Міхал Дворчык, старшыня канцылярыі прэмʼер-міністра Польшчы.

Уладзімір Чушаў, амбасадар Беларусі ў Польшчы выказаў Польшчы падзяку:

«Ад імя маёй краіны і ад сябе асабіста маю гонар выказаць шчырую ўдзячнасць польскаму боку за чарговую дапамогу. Ужо няма ніякіх сумневаў, што мы ў стане эфектыўна супрацьстаяць эпідэміі, выкліканай каронавірусам, мы ўлічваем найлепшую сусветную практыку, парады САЗ, абапіраемся на мужнасць і гераізм медыкаў, а сённяшняя дапамога, без сумневу, палегчыць працу нашых лекараў».

Гэта ўжо другая дапамога Беларусі ад Польшчы ў часе эпідэміі. Менск прасіў аб дапамозе Еўразвяз, адной з першых на просьбу адгукнулася Варшава.

«Вялікае сэрца ўкладзенае ў гэты выезд. Зычу шчаслівай дарогі, каб вы давезлі гэтае добрае польскае сэрца ў Беларусь!», – падкрэсліў Анджэй Бартковяк, начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай пажарнай аховы.

Ужо заўтра а пятай раніцы гуманітарны груз пераедзе польска-беларускую мяжу, адтуль частка грузавікоў накіруецца ў шпіталі Гарадзеншчыны, а большая частка дапамогі трапіць у Менск.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Фота: Tymon Markowski ( MSZ)