Рынак «Лебядзіны» запрацаваў на новым месцы. Як даехаць і што можна там набыць?


Апошнія штрыхі пераезду. Рынак «Лебядзіны» або «Лебяжы» з суботы ўжо не працуе на старым месцы ў Ждановічах. Прадпрымальнікі разам з адміністрацыяй рынку арганізавалі пераезд. Пакупнікі ж яшчэ ў выходныя па старой памяці завітвалі сюды. Ці збіраюцца яны наведаць новае месца? Наведнікі Ждановічаў:

«Тое месца, куды пераязджаюць, гэта Хацежына, так? Яно нязручнае, тут людзі прыстасаваліся, умовы, ідэальныя зносіны».

«Аўтобусам я дакладна ездзіць не буду. Можа быць, калі-небудзь з‘езджу, пагляджу, што там. А сюды кожныя выходныя прыязджаў».

«Усё роўна давядзецца ездзіць, галоўнае, каб туды добра аўтобусы хадзілі».

«Паспрабуем, наколькі гэта будзе выгадна, зручна, бо і часу шкада бывае».

Неўзабаве тут распачнецца будоўля малапавярховых жылых дамоў. Два гады таму мясцовыя ўлады прадалі на аўкцыёне гэты надзел за 20 мільёнаў долараў. Уласнікам стала фірма «Сетка інтэрнэшнл». Пераехаць на новае месца пагадзіліся не ўсе прадпрымальнікі, але пераважная большасць. Першыя паўгода яны атрымаюць 50 адсоткавую зніжку за арэнду ў «Новым Лебядзіным». Рынак плошчаю 16 гектараў размясціўся побач з вёскамі Табары і Хацежына, што на шашы М6 у бок Горадні. «Новы Лебядзіны» цяпер за 8 кіламетраў ад МКАД. Сёння афіцыйна першы працоўны дзень рынку на новым месцы. Давайце паглядзім, як ідзе гандаль. Адміністрацыя рынку арганізавала сюды бясплатны праезд з інтэрвалам руху транспарту 10–15 хвілінаў.

«6 «газеляў» і плюс аўтобус МАЗ, гэта наш транспарт, мы адмыслова ўзялі яго пад гэты рынак. Яны будуць хадзіць з метро «Каменная горка». Першы час – з вуліцы Цімяразева – разварот на кальцо аўтобусаў», – кажа намеснік дырэктара таварыства з абмежаванай адказнасцю «Гандлёвы дом ЖДАНОВІЧЫ» Яўген Ліпінскі.

Да таго ж прадугледжаная бясплатная паркоўка. На новым месцы будзе каля 800 гандлёвых аб’ектаў. Большасць з іх ужо пераехала, але сёння працуюць толькі прадаўцы садавіны і гародніны. Прадпрымальнікі прадаюць садавіну і гародніну збольшага оптам. Адзін з іх Эмзар. Ён працуе з першага дня існавання рынку «Лебядзіны». Да пераезду прадпрымальнік быў гатовы, і колькасць пакупнікоў у першы дзень працы рынку яго прыемна здзівіла.

«Мы рухаемся наперад, не можа быць такога, каб пайшлі ўніз, пойдзем толькі наперад, будуць паляпшэння і будзе яшчэ лепей. Так яно і аказалася. Я скажу, што вельмі ўтульна, вельмі добра. Дах над галавой, усё ёсць», – кажа прадпрымальнік Эмзар Паландзішвілі.

Зрэдку тут заўважныя раздробавыя пакупнікі. А вось тыя, хто прыязджае набываць харчы оптам, ухваляюць перамены.

«Тут добра, навес такі, калі дождж ідзе, а там такога не было», – кажа аптовы пакупнік Гафар.

«Пакупнікі ўсё роўна падыдуць, з пакупнікамі шмат якімі праз тэлефон працуеш – яны тэлефануюць, на якім месцы вы працуеце, калі ім патрэбная прадукцыя», – мяркуе прадавачка Алена.

Набыць, аднак, тавары з бакалеі тут пакуль немагчыма. Пераезд і рыхтаванне гэтых гандлёвых абʼектаў зойме яшчэ некалькі дзён.

Наста Кахановіч, «Белсат»