«Рыхтуйся да помсты, мы заб’ем цябе!» Іранцы пагражаюць Трампу

Іран канчаткова выходзіць з ядравага пагаднення, а іракскі парламент разглядае рэзалюцыю пра вывад амерыканскіх войскаў з краіны. Тым часам прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган абвясціў, што турэцкія войскі пачалі высадку ў сталіцы Лівіі Трыпалі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Гэта будуць «санкцыі, якіх яны ніколі не бачылі!» Прэзідэнт Трамп у барацьбе з супернікамі выкарыстоўвае не толькі ракеты, але і словы. Іракскі парламент з шыіцкім кворумам, без дэпутатаў курдаў і сунітаў прагаласаваў за вывад шматтысячнага амерыканскага кантынгенту. У адказ Белы дом запатрабаваў вяртання мільярдаў долараў, выдаткаваных на вайсковую інфраструктуру ў краіне. Суседні ж Іран застаецца ў жалобе пасля забойства Касэма Салеймані – генерала Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі.

«Я тут, каб сказаць Трампу: ты ідыёт, ты забіў чалавека, якога мы любілі больш, чым нашых бацькоў. Цяпер рыхтуйся, усе мы – Касэм Салеймані! Рыхтуйся да помсты, мы забʼем цябе», – абураецца жыхарка Ірану.

Іранскае дзяржаўнае тэлебачанне нават запрапанавала ўсім жыхарам краіны скласціся на ўзнагароду за галаву амерыканскага прэзідэнта. Афіцыйны ж Тэгеран абвесціў пра канчатковы выхад з ядравай угоды, што абмяжоўвала магчымасці краіны ва ўзбагачэнні ядравага паліва.

«Думаю, што Іран распачне фізічныя дзеянні супраць ЗША. Я не ведаю, як і дзе. Зрэшты, я ўпэўнены, што Іран не хоча вайны», – кажа кіраўнік Амерыкана-іранскай рады Хушанг Амірахмадзі.

«У іранцаў ёсць некалькі варыянтаў. Большасць з іх у «шэрай зоне». Яны могуць атакаваць амерыканскіх дыпламатаў або вайскоўцаў у Іраку. Яны могуць атакаваць суднаходства ў Персідскай затоцы», – мяркуе Рычард Шульц з Універсітэту Тафтса.

Вашынгтон адправіў у рэгіён дадатковы кантынгент – 3 тысячы салдат. Пасля аблогі амерыканскай амбасады ў Багдадзе напярэдадні Новага года Трамп ужо перакінуў у іракскую сталіцу 750 вайскоўцаў.

«Мы робім неабходныя дзеянні, каб абараніць амерыканскія інтарэсы не толькі ў Багдадзе ды Іраку, але і ўва ўсім рэгіёне», – запэўнівае дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэёў.

Напярэдадні Доналд Трамп прыгразіў нанесці ўдар па 52 абʼектах у Ісламскай рэспубліцы, у тым ліку па сімвалах іранскай культуры. Амерыканскі лідар патлумачыў: лічба невыпадковая – 40 гадоў таму ў пачатку ісламскай рэвалюцыі 52 амерыканцы былі больш за год закладнікамі ў Тэгеране.

«Павышэнне ставак вядзецца для дасягнення пэўнай угоды, але кожны бок хоча заключыць гэтую ўгоду на сваіх умовах. І Іран, і ЗША гатовыя да перамоваў, але на сваіх умовах і чакаюць, што апанент зробіць першы крок, але апанент гэтага кроку не робіць. Усе паводле чаргі нарошчваюць ціск», – кажа супрацоўнік Цэнтру блізкаўсходніх даследаванняў ІСЭМА Мікалай Кожанаў.

Еўрапейскія сталіцы, перш за ўсё Парыж, Лондан і Берлін, заклікаюць да дээскалацыі. У Маскве забойства Салеймані назвалі авантурай. У ЗША, у Палаце прадстаўнікоў, апазіцыйныя да кіраўніка Белага дому дэмакраты падрыхтавалі дакумент аб абмежаванні паўнамоцтваў Трампа на правядзенне ваенных акцыяў супраць Ірану. Аднак Сенат, дзе большасць складаюць рэспубліканцы, наўрад ці звяжа рукі свайму прэзідэнту.

Ян Маравіцкі, Анастасія Русецкая belsat.eu

Ірак пачаў падрыхтоўку да вываду замежных войскаў

Глядзі таксама