Румас верне беларусам дабрабыт?


Рэвалюцыяў чакаць не варта, галоўнае – дысцыпліна. Якою будзе Беларусь пры новым прэм’еры? Адзін з самых прагрэсіўных рыначнікаў ва ўрадзе Сяргей Румас прыступіў да выканання ўласных абавязкаў. Віталь Бабін працягне тэму.

Падзякаваў Лукашэнку за давер ды выступіў са сваёй першай прамовай на пасадзе прэмʼер-міністра Беларусі. Сяргей Румас, які з суботы ачольвае абноўлены ўрад Беларусі, паабяцаў кіравацца ў сваёй працы старымі рашэннямі.

«Не варта чакаць нейкай рэвізіі гэтых прынятых рашэнняў або рэвалюцыйных разваротаў. Кіраўнік дзяржавы пры прызначэнні новага складу ўраду зрабіў акцэнты на такія рэчы, як дысцыпліна, прыстойнасць і згуртаванасць».

Дысцыплінаванага Сяргея Румаса ўжо добра ведаюць з працы ва ўрадзе Міхаіла Мясніковіча на пасадзе віцэ-прэмʼера. Новы прэмʼер запомніўся тады ў першую чаргу паспяховай рэарганізацыяй дрэваапрацоўчай галіны.

«Румас – гэта антыкрызісны кіраўнік спадара Лукашэнкі. І дай Бог, каб ён выконваў тое, пра што казаў. Напрыклад, у сферы дзяржаўнага кіравання – скарачэнне функцыяў ураду, змяншэнне падатковага цяжару, стварэнне ўмоваў для працы бізнесу», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

48-гадовы прэмʼер Беларусі, які пабудаваў паспяховую банкаўскую карʼеру, неаднаразова крытыкаваў чыноўнікаў, называючы іх галоўнаю перашкодаю для прыцягнення інвестыцыяў у краіну. Сяргей Румас выказваўся за прыватызацыю айчынных прадпрыемстваў ды выступаў супраць ільготнага крэдытавання стратных галінаў эканомікі. Летась, каментуючы нашумелы лічбавы дэкрэт і легалізацыю ў Беларусі крыптавалютаў, ён параўнаў іх інвестыцыйны патэнцыял з фінансавымі пірамідамі.

«Калі Румас будзе тым чалавекам, які будзе ўваходзіць у канфлікт з чарговымі дырэктарамі, чыноўнікамі, якія займаюцца лабізмам тупіковых праектаў, то тады ён будзе больш відочны, будзе больш негатыву, аднак мяркую, што праўда і падтрыманне будуць на ягоным баку», – падкрэслівае адмысловец.

У сённяшняй прамове новы прэмʼер-міністр Беларусі адзначыў, што галоўнаю задачаю, пастаўленаю кіраўніком дзяржавы перад урадам, стане рост дабрабыту насельніцтва. Ці зможа новы прэмʼер палепшыць становішча простых беларусаў, не выклікаючы панікі ва ўрадзе, мы запыталі на вуліцах Менску.

«Я наагул не веру ў нашую краіну. Пакуль існуе старое кіраўніцтва. Таму тут смешна верыць у нешта іншае. Па-мойму, наадварот, усё ідзе толькі ў горшы бок».

«Я не спадзяюся на нейкія рэформы, бо ён толькі выканаўца».

«Ва ўсялякім разе, ён зараз прыйшоў, з новай энергіяй, з новым парывам, возьмецца за выкананне ўсіх тых даручэнняў і патрабаванняў, якія даў прэзідэнт, і выканае іх».

І за выкананне даручэнняў кіраўніка краіны Сяргей Румас узяўся ўжо з першага дня працы: гэтак, прадстаўляючы ўраду новага міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога, новапрызначаны прэмʼер адзначыў, што чакае ад ведамства новых ідэяў. Што праўда, новыя ідэі самога Румаса ў крызісны 2011-ты пацярпелі крах ды каштавалі яму пасады віцэ-прэмʼера: тады Лукашэнка раскрытыкаваў ягоныя прапановы рэформаў, абвінаваціўшы ў «рынкавым экстрэмізме».

Віталь Бабін belsat.eu