Румас крытыкуе папярэдні ўрад за падтрыманне стратных прадпрыемстваў


50 дзён ліберальны прэм’ер пры ўладзе. Ці ўсцяж чакае сюрпрызаў ад яго ліберальная сталічная публіка?

Жыхары Менску:

«Таксама зарплаты падняць, напэўна, дактарам. Каб было больш жадання працы, а не працвітала тое, што цяпер працвітае».

«У турму людзей не саджаць. Ды не буду я нічога гаварыць».

«Калі прадпрыемства стратнае, то трэба нешта прыдумаць: ці прадаць, ці прыбраць з поля эканамічнай дзейнасці».

У выступе перад дэпутатамі было сёння і пра гэта. Але пакуль нават планы Румаса цяжка ацэньваць, бо прэмʼер дагэтуль не мае зацверджанай праграмы новага ўраду. Сёння толькі мог падзяліцца яе асноўнымі пастулатамі. Сяргей Румас, прэмʼер-міністр:

«Што датычыць асноўных пунктаў росту, то ў першую чаргу гэта стварэнне спрыяльнага бізнес-асяроддзя, перадусім выкананне 7-га дэкрэту, а таксама апераджальнае развіццё сферы паслуг, у першую чаргу ІТ-сферы, будаўнічых і транспартавых паслуг».

Пры гэтым, бадай, упершыню публічна прызнаўся: ён рыначнік і за роўныя ўмовы паміж дзяржаўнымі ды прыватнымі субʼектамі гаспадарання. Прынамсі, у тэорыі. На практыцы – як карта ляжа, кажа сведка сённяшняга выступу Паўлюк Быкоўскі, журналіст «DEUTSCHE WELLE»:

«Ён ведае, што трэба рабіць. Іншая справа, што прыняцце шмат якіх рашэнняў ляжыць у палітычнай плоскасці, а ў беларускіх умовах прэм’ер не палітычная фігура. Гэта таксама спячы орган, які можа спрацаваць тады, калі ў яго з’явіцца такая магчымасць».

Прэм’ер паабяцаў цягам двух тыдняў падаць дэталёвы план працы ўраду на бліжэйшыя гады. А пакуль у сваім выступе спасылаўся на рашэнні… Усебеларускага зʼезду. Было шмат пра народны дабрабыт і чарговае павышэнне пенсіяў – гэтым разам на 5 адсоткаў. Стабільнасць у жыроўках дый змены ў аплаце транспартавага падатку. З самага ліберальнага – крытыка папярэдняга ўраду за падтрыманне стратных прадпрыемстваў. Сяргей Румас, прэмʼер-міністр:

«Досвед паказвае, што калі паставіць правільную сістэму кіравання на гэтых прадпрыемствах з перспектывы ўласніка, забяспечыць іх пад рэальныя бізнес-планы абаротнымі грашыма, то тады праз некалькі год гэта будуць зусім іншыя прадпрыемствы, з якімі дзяржава будзе вырашаць што рабіць: працягваць развіваць ці прыцягваць профільнага інвестара».

Усе «за»! І толькі Ганна Канапацкая, адзіная са 106 дэпутатаў, прагаласавала супраць зацверджання. І рэч не толькі ў парушэнні Канстытуцыі пры прызначэнні Румаса на пасаду прэмʼера. Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў:

«Румас, выступаючы 5–7 хвілінаў, не прапанаваў ніякіх канкрэтных крокаў па выхаду з цяперашняй эканамічнай сітуацыі, апроч лозунгаў, якія цягам года і так кажа прэзідэнт ці гучаць на дакладах Савету Міністраў. Я не бачу канкрэтных крокаў ураду па развіццю эканомікі, па лібералізацыі бізнесу».

А такія чаканні ёсць – і не толькі ў шырокай грамадзянскай публікі, але і бізнесу агулам. Быць прадпрымальнікам у Беларусі – па-ранейшаму небяспечна, дорага і страшна. Яраслаў Раманчук, эканаміст:

«На жаль, не было нічога такога ў прамове Румаса, каб было ўражанне, што ён мае план кіравання дзяржаўным доўгам. Каб урэшце нам не думаць, ці нам дасць Расея нафту ці не (ці па якой цане), а пра тое, як зрабіць прывабную рынкавую эканоміку, якая б сама на сябе зарабляла і без нафты».

Але і цяжка чакаць рэвалюцыяў у палітычнай сітуацыі, якая, у адрозненне ад складу ўраду, застаецца стабільнай.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Фотаздымкі ў матэрыяле: Paulyuk Bykowski, відэа: euroradio.fm

Фота на застаўцы: Dmitry Astakho / Russian Government Press Office / TASS / FORUM