Румас і Мядзведзеў шліфуюць інтэграцыйныя дамовы


План інтэгравання эканомікі Беларусі і Расеі амаль узгоднены. Сёння ў падмаскоўнай урадавай рэзідэнцыі Дзмітрый Мядзведзеў прымаў свайго калегу з Беларусі. Больш за 7 гадзінаў прэм’еры працавалі над спрэчнымі пытаннямі ў стварэнні дарожных мапаў.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі (17.11.2019):

«Калі не будуць вырашаныя нашыя прынцыповыя пытанні: па пастаўках вуглевадародаў, па нармальным адкрыцці рынкаў для нашых тавараў і зняцці бар’ераў – ніякія дарожныя карты не могуць быць падпісаныя».

Падрыхтоўка да паглыбленай інтэграцыі аднак ідзе. Прэмʼер-міністры краінаў сёння праводзілі паседжанне Саўміну Саюзнай Дзяржавы: узгаднялі 14 пытанняў па 31-й «дарожнай мапе» у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурна-гуманітарнай галінах…

Сяргей Румас, прэмʼер-міністр Беларусі:

«Бакі выказвалі дыяметральна супрацьлеглыя ідэі ў інтэграванні. Паводле шэрагу «дарожных мапаў» і цяпер застаюцца нявырашаныя пытанні […] Для Беларусі асаблівую значнасць набываюць умовы функцыянавання эканомікі ўжо ў 2020 годзе, бо нарастае адмоўны эфект ад наступстваў расейскага падатковага манеўру».

Дзяржслужбоўцы не хваляцца будучымі інтэграцыйнымі набыткамі. Часцей чуем пра магчымыя страты, як у сістэмах падаткаабкладання. Андрэй Суздальцаў, палітолаг, Масква:

«Беларуская вельмі цяжкая. Натуральна, што трэба яе спрашчаць паводле фармату. Не рабіць жа расейскую больш цяжкою. Але беларускі бок кажа, што згубіць на зборы падаткаў і Расея мае ім гэта кампенсаваць. То бок Беларусь будзе аблягчаць інвестыцыйны клімат дзякуючы выхаду на расейскія параметры падаткаабкладання, а Расея мае за гэта заплаціць. Не зразумела».

Вырашэнню падобных пытанняў прысвяцілі сённяшні саміт. Найбольш часу бакі прысвяцілі «шліфаванню» плану стварэння адзінай інтэграванай эканомікі. Андрэй Суздальцаў з планам знаёміўся. Цвердзіць, што дакумент эфектыўны і пагрозы суверэнітэту Беларусі – не нясе.

Андрэй Суздальцаў, палітолаг, Масква:

«Ідзе размова аб стварэнні адзінай інтэграванай эканомікі. Дзяржавы аніякай у гэтым выпадку няма. Дзяржава прадугледжвае наяўнасць агульных межаў, грамадзянства, наднацыянальных органаў, адзінай валюты. Гэтага нічога не плануецца. Гаворка пра тое, што мы хочам нарэшце пазбавіцца ад нагрузкі на расейскі бюджэт. Цяпер гэта 6-7 млрд на год – гэта дорага, бо мы ўзамен нічога не атрымліваем».

За актывізаванай праз 20 гадоў саюзнай дамоваю палітолаг з Менску Кацярына Шмаціна бачыць геапалітычныя планы Масквы:

«Таму калі кажуць, што інтэграцыя спыніцца на эканамічных дамовах і гарманізацыі заканадаўстваў і эканамічных сістэм, я ў гэта не схільная верыць. Думаю, што наступным крокам будзе палітычная інтэграцыя і кантроль над Менскам».

Знешнепалітычны курс Беларусі не ва ўсім супадае з Расейскім. Аляксандр Лукашэнка схільны да абароны Украіны ў канфлікце з Расеяй, не прызнаў незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асетыі, ды ўзяў курс на наладжванне стасункаў з Захадам.

Сяргей Лаўроў, міністр замежных справаў Расеі:

«У ліку ключавых мэтаў Саюзнай дзяржавы – правядзенне ўзгодненай знешняй палітыкі: пачынаючы з 2000 года, прымаюцца адмысловыя двухгадовыя праграмы, прысвечаныя гэтаму […] дыпламаты дзвюх краінаў процідзейнічаюць спробам ушчаміць на міжнародных пляцоўках законныя правы і інтарэсы Расеі і Беларусі».

Праграма прадугледжвае падтрыманне ініцыятываў адна адной на пляцоўках ААН, АБСЕ, іншых міжнародных арганізацыяў.

У кроку ад падпісання таксама пагадненне аб саюзных візах. Далей – гарманізацыя заканадаўстваў у падаткаабкладанні, судовай, гуманітарнай і іншых галінах. На працягу года ўрадавыя дэлегацыі ствараюць пакет адпаведных дамоваў…

Грамадзянам гэтых дакументаў усцяж не паказваюць. Гэтак і сёння пасля перамоваў з Дзмітрыем Мядзведзевым прэмʼер Румас адно запэўніў – туману ў стасунках зусім няма. Пытанне ці ёсць яснасць?

Юлія Цяльпук belsat.eu