Рубель узмацніўся, але цэны растуць


Нягледзячы на дэфляцыю ў траўні, Беларусь па-ранейшаму застаецца сярод лідараў у павышэнні коштаў на спажывецкія тавары на постсавецкай прасторы. Хоць у цэлым узровень інфляцыі за мінулыя пяць месяцаў нязначны – 2,5 %.

«У першай палове гэтага года былі найбольш высокія тэмпы росту сусветнай эканомікі за многія гады. І гэта паўплывала на стан эканомікі ў Беларусі, на інфляцыю, і на добрую сітуацыю з коштамі ў іншых краінах», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Сярод дзяржаваў СНД упэўнена шыбуе наперадзе Узбекістан – там інфляцыя цягам пяці месяцаў дасягнула амаль сямі адсоткаў (6,8 %).

У параўнанні з бліжэйшымі краінамі, горш за Беларусь была толькі Украіна – там інфляцыя з пачатку года крыху большая за чатыры адсоткі (4,4 %).

Рэшта нашых суседзяў выглядае нашмат лепш – у Літве, Польшчы і Расеі крыху больш як паўтара адсотка, у Латвіі – два.

Узровень інфляцыі ў студзені-траўні 2018 г.

  • БЕЛАРУСЬ – 2,5 %
  • ЛАТВІЯ – 2 %
  • ЛІТВА – 1,6 %
  • ПОЛЬШЧА – 1,7 %
  • РАСЕЯ – 1,6 %
  • УКРАІНА – 4,4 %

Паводле Белстату, нязначна павысіліся кошты на рыбу і малочную прадукцыю, істотныя змены коштаў на сезонную гародніну і садавіну. Некаторыя мясныя прадукты ўвогуле згодна з афіцыйнай статыстыкай патаннелі. Дык, можа, не ўсё так кепска, як кажуць людзі?

Кошты на спажывецкія тавары ў 2018 г. (Br за 1 кг; 1 л)

СТУДЗЕНЬ/ТРАВЕНЬ

  • Рыба (жывая) 5,28 / 5,39
  • Мяса (свініна) 6,35 / 6,24
  • Малако 1,29 / 1,30
  • Морква 0,65 / 1,04
  • Хлеб (жытнёва-пшанічны) 1,57 / 1,62
  • Бульба 0,57 / 0,69

«Ды людзям пляваць, якая ў нас у краіне інфляцыя. Яны робяць высновы з коштаў на тавары», – заявіў сёлета кіраўнік Беларусі.

Леанід Злотнікаў засцерагае: адносна невысокі рост коштаў – вынік не толькі выключна спрыяльных умоваў на сусветным рынку, але і праядання вонкавых пазыкаў Беларусі, якія бралі, каб падтрымаць стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы.

«Цяпер вяртанне доўгу склала 11 % ВУП. Сітуацыя такая, што так павялічваць доўг проста немагчыма. Так праядаць гэты доўг проста немагчыма. І я чакаю, што налета ў Беларусі будзе крызіс», – кажа Леанід Злотнікаў.

Згодна з прагнозам, які ўтрымліваецца ва ўказе кіраўніка краіны, агульная гадавая інфляцыя не павінна перавысіць адзнакі 6 адсоткаў. Гэтую лічбу, на думку эксперта, удасца ўтрымаць. А вось эканамічныя перспектывы наступнага года пакуль што туманныя.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»