Ровар ад каронавіруса


Французскі ўрад заклікае захоўваць сацыяльную дыстанцыю падчас каранціну – на ровары. Парыж выдзеліць 20 мільёнаў еўраў на сэрвісныя паслугі ў зарэгістраваных механікаў і стварэнне часовых роварных стаянак. Таксама прадугледжаная кампенсацыя працадаўцамі арэнды транспартнага сродку. Паводле мясцовага Міністэрства экалогіі, амаль дзве траціны штодзённых паездак французаў – не даўжэйшыя за пяць кіламетраў. А таму, маўляў, навошта тут машыны? Такім чынам буйныя гарады маглі б істотна разгрузіць транспартавыя артэрыі.

«Зараз вельмі важна максімальна дыстанцыяваць людзей адзін ад аднаго. І таму ўлады ў еўрапейскіх ды іншых краінах кажуць, што лепш выкарыстоўваць ровар, чым карыстацца грамадскім транспартам, дзе людзі больш шчыльна кантактуюць паміж сабой і дзе ў гадзіны пік вялікая колькасць людзей», – распавядае Максім Пучынскі, намеснік дырэктара Менскага роварнага таварыства.

У Беларусі ўвагі з боку дзяржавы, дастатковай для развіцця роварнай інфраструктуры, пакуль няма. Амаль усе гэтыя пытанні ўзялі на сябе роварныя абʼяднанні. Максім Пучынскі дзеліцца:

«На 100 % рэканструяваных вуліцаў толькі 20 % роварнай інфраструктуры зʼяўляецца. Пры гэтым нават у генплане стратэгічнага развіцця роварнага руху сказана, што на кожнай рэканструяванай вуліцы павінная зʼяўляцца роварная інфраструктура».

Ровар справядліва лічаць ці не самым бяспечным і экалагічным відам транспарту. Пандэмія толькі падкрэслівае гэтыя плюсы – упэўнены Юрась Валёнак, якога каронавірус падштурхнуў да таго, каб перасесці на ровар.

«У гэты час, я лічу, гэта вельмі добрае рашэнне, і гэта вельмі адказна з пункту гледжання самога чалавека. Гэта вельмі адказны выбар, бо ён выключае любыя сацыяльныя кантакты падчас дарогі», – кажа Юрась.

У Менску не заўсёды проста скласці зручны роварны маршрут з пункту А ў пункт Б.

«З кожным годам сцежкі становяцца лепшыя, але пакуль што да роварных сцежак там далёка. Дзякуй Богу, што бардзюры дзе-недзе пазніжалі – і тое ўжо добра», – дадае Юрась.

Нягледзячы на гэта, малады чалавек мяркуе, што ровар застаецца ці не адзіным спосабам перасоўвацца па горадзе, не баючыся каронавіруснай інфекцыі. Ці згодныя з такім меркаваннем менчукі?

«Ён не дапамагае і не абараняе. Мы што, у краму на ровары будзем заязджаць?»

«Гэта вельмі добры від транспарту. Я ім займаўся 10 гадоў, таму ўсім жадаю дажыць да ста гадоў!»

«Я вельмі люблю ровар. Гэта і адсутнасць грамадскага транспарту, і ўвогуле нашмат хутчэй, чым пешшу дабірацца да працы».

Адной пятай рэканструяваных вуліцаў з роварнай інфраструктурай відавочна мала. Актывісты веларуху наракаюць, што іхныя просьбы пры будаўніцтве не ўлічваюцца, і хацелі б бачыць лепшае фінансаванне двухколавага транспарту. На сёння на гэта ў сталіцы выдаткоўваецца крыху менш за нуль цэлых і адну дзясятую ўсяго бюджэту. Таму нам застаецца мыць рукі, самаізалявацца і берагчы сябе. Бо, як вядома, выратаванне тапельцаў – клопат саміх тапельцаў.

Марыя Арцыбашава, «Белсат»