Рост беларускай эканомікі запаволіцца, прагноз росту – у межах нуля


Выдаткі перавысяць прыбыткі ў бюджэце краіны на наступны год. Апрача гэтага, эканамічны рост запаволіцца і прагназуецца ў межах нуля. Новы закон аб рэспубліканскім бюджэце на наступны год паслязаўтра пройдзе «нулявое чытанне» у Палаце прадстаўнікоў. Але ўжо цяпер праект выклікае пытанні ў экспертных колах.

Цягам 10 дзён прайсціся па ўсіх 25 артыкулах бюджэту, унесці праўкі і прыняць фінансавы план Беларусі-2020. Апошняя перад датэрміновым зыходам задача дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў VI склікання.

Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў:

«Гэта канешне нерэальна для краіны, у якой бюджэт мае сапраўдны сэнс, але сёння мы маем што маем: улада ўсё робіць за зачыненымі дзвярыма, нават бюджэт».

Яшчэ да прыняцця дэпутатка выклала «сыры» дакумент у сеціва. Бачым, што выдаткі рэспубліканскага бюджэту на 2020 год вырастуць на 11,4 % і перавысяць прыбыткі на BR 1 млрд. Такім чынам гэта будзе першы пасля 2013 года дэфіцытны бюджэт, з надта аптымістычным на думку эксперта ростам эканомікі.

Яраслаў Раманчук, навукова-даследчы цэнтр Мізэса:

«Бюджэт папярэдні быў разлічаны на ўзрост амаль 4 % і гэты амаль на 3 %, пры гэтым у гэтым і ў наступным годзе будзе альбо мінус, альбо мінімальны плюс – да 0,01 % ВУП».

Бюджэт Беларусі Яраслаў Раманчук называе залежным ад Масквы: з году на год яго фармаванне пачынаецца з кошту на расейскія нафту і газ, ды курсы валюты адносна долару і расейскага рубля. Гэтак і сёлета ў бюджэце прапісалі BR 537,2 млн стратаў праз падвышэнне Расеяй коштаў на нафту для Беларусі.

Інтэграцыя Беларусі ў Саюзную Дзяржаву не зменіць гэтай рынкавай стратэгіі Крамля, лічыць старэйшы фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб:

«Трэба ад гэтай паглыбленай інтэграцыі адмаўляцца і не спадзявацца на гэтую кампенсацыю. Калі мы кажам пра Беларусь і Расею як незалежных партнёраў, у Расеі няма абавязку кампенсаваць Беларусі страты з прычыны змянення ёю падаткаў».

У выдатках бюджэту 2020 года $ 3,895 млрд займае дзяржаўны доўг. Большая частка – гэта вонкавыя пазыкі, а большая частка ўнутраных пазык – крэдыты дзяржавы для прадпрыемстваў і гаспадарак. Яраслаў Раманчук, навукова-даследчы цэнтр Мізэса:

«Даўгавая пазіцыя сведчыць пра тое, што і дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў і Урад не могуць сказаць не лабістам, якія на працягу апошніх 10-20 гадоў закопваюць мары беларусаў пра незалежную, суверэнную, канкурэнтаздольную эканоміку».

Беларусам і надалей давядзецца плаціць больш Фонду сацыяльнай абароны. За 2 апошнія гады гэтыя выплаты павялічыліся амаль у 2,5 разы. Вадзім Іосуб, старэйшы фінансавы аналітык «Альпары»:

«У бліжэйшай будучыні, хутчэй за ўсё пасля прэзідэнцкіх выбараў, можна чакаць чарговага павышэння пенсійнага ўзросту. Гэта аб’ектыўны працэс».

Перад намі павышэнне тарыфаў на грамадскі транспарт у сталіцы (нават у два з паловаю разы на метро) і на карыстанне айчыннымі дарогамі. На 6 % падаражэе алкаголь, на 15 % – тытунь.

«Простаму чалавеку заўжды жылося складана, а чыноўнікам – заўжды добра».

«Плаціць трэба людзям больш вось і ўсё».

«Хочаш жыць заможна – трэба вучыцца, працаваць, імкнуцца», – мяркуюць жыхары Магілёва.

Але дзяржава мае ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця, кажа дэпутатка Канапацкая, якая ўдзельнічае ў прыняцці бюджэту, але ўжо вядома, што не паўдзельнічае ў яго выкананні:

«Усё гэта стварае пагрозу бяспекі нацыянальнай эканоміцы, і сёння да нашага складу Палаты Прадстаўнікоў гэта выклік, а для наступнага складу гэта падвойны выклік».

Бо менавіта ім трэба будзе рэалізоўваць закладзеныя ў бюджэт паказнікі і пераконваць людзей у тым, што ён працуе. Гэтак званае «нулявое чытанне» – 6 лістапада.

Юлія Цяльпук belsat.eu