Крэўскі замак 14-га стагоддзя – гістарычная спадчына Беларусі, якая перажыла і частковыя разбурэнні, і рэстаўрацыю розных гатункаў. А цяпер адноўленая паўночна-заходняя сцяна пачала пакрывацца соллю. «Гэта асвойванне сродкаў, а не рэстаўрацыя», – кажуць інжынеры.
Адноўленая сцяна Крэўскага замку пачала бялець. Гэтыя плямы – высалы – з’яўляюцца перадусім пры парушэнні тэхналогіяў кладкі або выкарыстанні няякаснага матэрыялу. Пачынаецца выпарванне лішняй вільгаці з цэглы і раствору. Разам з вільгаццю выпараецца соль, якая і крышталізуецца на паверхні. Высалы не толькі псуюць вонкавы выгляд, але з часам робяць матэрыял менш трывалым. Але рабочыя, якія працуюць на замку, праблемы не бачаць:
– Гэта з часам здула. Вунь 5 гадоў таму цэгла ляжыць, яно і там праяўляецца.
– Дык а чаму яно праяўляецца?
– Гэта сакрэт. Ніхто вам гэтага не скажа.
– Дык раскажыце тады, што ўсё ж такі будуць рабіць?
– Выдаляць.
– Як?
– Адмысловым растворам.
Соль сама па сабе не знікае, не змываецца вадой, а пасля выкарыстання адмысловых сродкаў можа з’яўляцца паўторна цягам некалькіх гадоў. На аб’екце ўжо пабывала адмысловая камісія, якая цяпер разбіраецца ў праблеме.
«Прыязджалі, глядзелі, бралі пробы, правядуць аналізы і скажуць», – кажа нам адзін з працаўнікоў.
Выконвала працы кампанія «Белрэстаўрацыя». Як распавядае інжынер кампаніі, іх паставілі ва ўмовы, пры якіх рэстаўратары вымушаныя былі парушаць тэхналагічныя нормы.
«Калі яно і далей будзе ісці менавіта як асвойванне сродкаў, а не рэстаўрацыя, і патрабуюць зверху, каб у нейкія тэрміны ўклаліся. Рэстаўрацыя не мае тэрмінаў, яна патрабуе тэхналогіяў», – кажа інжынер па якасці ААТ «Белрэстаўрацыя» Уладзімір Пашалюк.
Выдзеленыя на сцяну грошы трэба было выкарыстаць да канца года, таму на стан надвор’я і ўмовы не зважалі ды працягвалі ўзвядзенне.
«На гэта ўсё звяртаў вытворца рэстаўрацыйных сумесяў «Тайфун». Яны забаранялі ўжываць гэтыя сумесі ў неспрыяльныя ўмовы. Дождж, снег, ніжэй за + 5», – дадаў Пашалюк.
Частку сцяны, на якой выступілі высалы, рабілі ўжо ў маразы. Але прыйшла вясна і канструкцыя не вытрымала, частка сцяны абвалілася і цяпер яе даводзіцца перарабляць.
Цяпер замак на гарантыйным абслугоўванні, плаціць за выпраўленне хібаў давядзецца «Белрэстаўрацыі».
«Трэба, каб быў выгляд, як даўней быў зроблены замак, таму будуць яго і чысціць, памыюць, і яно будзе мець свой выгляд, даўнейшы», – гаворыць мясцовая жыхарка Валянціна Заянчкоўская.
Высалы – звычайная непрыемная праблема на будоўлі, аднак пры рэстаўрацыі гістарычных помнікаў такая з’ява наўрад ці дапушчальная.
Вольга Чайчыц, «Белсат»