Рэпрэсіі супраць завадчанаў


Сілавікі і «чырвоныя дырэктары» ціснуць на завадчанаў, а тыя працягваюць страйкаваць. Сёння затрымалі не толькі прадстаўніка стачкаму Менскага трактарнага заводу Сяргея Дылеўскага, але і сустаршыню стачкаму салігорскага «Беларуськалію» Анатоля Бокуна. Апошняму прысудзілі штраф 675 рублёў.

Затрыманні, позвы ды суды – у адказ на супраціў. У Менску на прахадной Трактарнага заводу АМАП затрымаў чальцоў Каардынацыйнай рады: прадстаўніка стачкаму МТЗ Сяргея Дылеўскага і давераную асобу Святланы Ціханоўскай Вольгу Кавалькову. Іх вінавацяць у незаконнай арганізацыі забастовак.

«Тэатр абсурду. Я спадзяюся, што гэтыя хлопцы ў чорнай форме АМАПу і ўсе, што тут ходзяць, яны ўсё ж такі раней ці пазней зразумеюць, на чыім баку праўда. Я не кажу, што гэта адбудзецца сёння-заўтра, на ўсё патрэбны час. Мы цярплівы народ. Мы цярпелі 26 гадоў, пачакаем яшчэ месяц», – кажа чалец Каардынацыйнай рады Алег Майсееў.

Паводле намесніка дырэктара МТЗ па ідэалогіі, сілавікоў не выклікалі. А сітуацыя на заводзе застаецца пад кантролем, працуюць усе цэхі.

«Прадукцыя выпускаецца. Плану і продажаў ніхто не адмяняў», – рапартуе намеснік гендырэктара МТЗ па ідэалагічнай працы Андрэй Суслянкоў.

«Ідзеш на працу – стаіць міліцыя. Мы ўжо як пад аховай, як за кратамі, можна сказаць. Ідзем на працу, каб працаваць пад наглядам. Крок управа, крок улева – расстрэл», – распавядае працаўніца МТЗ Наталля Адзенейка.

У Салігорску сёння затрымалі і судзілі сустаршыню стачачнага камітэту «Беларуськалію» Анатоля Бокуна. Яго аштрафавалі на 675 рублёў за ўдзел у акцыях пратэсту. Паводле інфармацыі стачкаму «Беларуськалію» за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы будуць складзеныя пратаколы і заведзеныя справы на ўсіх сябраў страйкавага камітэту. Магчымыя затрыманні.

«Адбыўся раскол сярод шахцёраў. Ён адбыўся ў пачатку мінулага тыдня. Нехта пачаў выходзіць на працу, а нехта застрайкаваў», – распавядае працаўнік «Беларуськалію» Аляксандр Малочка.

Цяпер «Беларуськалій», паводле стачкаму, перайшоў да італьянскай забастоўкі на працоўных месцах.

«Калі нават прадпрыемствы гэтыя будуць працаваць у рэжыме італьянскага страйку, то бок будуць рабіць усё па правілах, гэта таксама будзе вельмі адчувальна, таму што ў нас не было ў апошнія гады вельмі вялікіх інвестыцый у абсталяванне, у ахову працы. І вельмі часта рабочыя мусілі парушаць нейкія правілы, каб выконваць нарматывы, выконваць праграмы і даваць тую колькасць прадукцыі, якая патрэбна», – гаворыць намеснік старшыні АГП Леў Марголін.

На «Горадняпрамбудзе» апошнія асяродкі забастоўкі здушылі з дапамогаю міліцыі – распавядае працаўніца прадпрыемства Юлія Сліўко:

«Калі людзі пачалі абурацца і гаварыць, што яны звольняцца, наш гендырэктар дазволіў ім ісці на звальненне і сказаў: я вам усё падпішу. Вы ўсе свабодныя. На гэтым уся забастоўка была скончаная. Таму што многія баяліся, што страцяць працу, таму што ва ўсіх крэдыты».

«Ідуць жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні кіраўнікоў страйкамаў, і, канечне, можна ўявіць, наколькі ўлада спужалася. Цісне ўлада, тыя, хто захапіў уладу, таму што беларускі народ не прызнае іх за легітымную ўладу», – кажа старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Італьянскія страйкі, сабатаж… Працаваць як след рабочыя ўжо не будуць – упэўнены эксперт. Да таго часу, пакуль Лукашэнка не сыдзе.

Анастасія Русецкая, Белсат