Рэпрэсіі супраць рабочых узмацняюць іх пратэст


Віталь Чычмароў – вядучы інжынер-канструктар Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова. Ад мінулага панядзелка на заводзе бастуюць працаўнікі адразу двух цэхаў. І нягледзячы на 22 гады адданай працы яго звольнілі. Кажуць – не выканаў службовыя абавязкі і шкоду прадпрыемству нанёс, памерам ажно ў тры сярэднямесячныя заробкі.

«Толькі выйшаў з адпачынку і не змог прайсці на завод. Накіравалі ў аддзел кадраў, дзе мяне азнаёмілі з дакументамі», – кажа Віталь Чычмароў, звольнены з Менскага электратэхнічнага заводу.

Згодна з якімі па факце парушэння праводзілася праверка, вось толькі яе вынікаў на свае вочы Віталь не бачыў, бо яму далі на подпіс толькі акт аб звальненні. Разам з ім сваіх працоўных месцаў пазбавіліся яшчэ 24 чалавекі з актыву забастоўкі на прадпрыемстве. Усе яны, са словаў Віталя, выдатныя спецыялісты.

«Зваршчыкі, якія былі звольненыя з 16-га цэху, – высокакваліфікаваныя прафесіяналы. Бо варыць бакі, якія павінны быць герметычнымі, не кожны чалавек можа: гэта алееўстойлівыя швы, гэта вельмі складаная работа. Многія з іх па чатыры месяцы абучаліся. Многія прыходзілі зваршчыкі і так і не змаглі навучыцца, сыходзілі», – падкрэслівае Віталь.

Пры ўсім, адзначае Віталь, забастоўкі можна было пазбегчы. Працаўнікі прадпрыемства звярталіся да кіраўніцтва з просьбай апублікаваць на сайце заводу зварот супраць гвалту ў дачыненні мірнага насельніцтва. Але на такі кампраміс дырэкцыя не пайшла. У цэлым не спыняюць забастоўкі і працаўнікі Менскага аўтамабільнага заводу, не зважаючы на рызыкі не толькі страціць працоўныя месцы, але і пазбавіцца жытла.

«Людзі пераходзяць ад яркай эмоцыі «Не, мы супраць», як было ў жніўні, калі выйшлі заводы, у рэжым упартага супрацьстаяння. Яны не пішуць заяваў аб далучэнні да стачкі, яны шчыра кажуць майстрам: «Я працаваць не буду», – распавядае прэс-сакратар суполкі РЭП на МАЗ Сяргей Гульцоў.

Не прымаюць змены і не выходзяць на працоўныя месцы рабочыя «Горадня Азоту». Праўда кіраўніцтва прадпрыемства заяўляе, што можа лёгка замяніць бастуючых працоўных штрэйхбрэкерамі з «Нафтану».

«У нас звальняюць тых, хто на бальнічным, бо яны нейкім чынам паўдзельнічалі ў забастоўцы і іх мінулым днём звальняюць. Гэта зноў жа парушэнне працоўнага заканадаўства», – мяркуе звольненая з ААТ «Горадня Азот» Яўгенія Кузікевіч.

Тое, што ўсе цяперашнія звальненні рабочых ёсць грубым парушэнне Канстытуцыі ды Працоўнага кодэксу, у якіх прапісаная забарона дыскрымінацыі і пераследу за палітычныя погляды і пазіцыю, кажа і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Ды заклікае неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць працаўнікоў.

«Не ўплываюць рэпрэсіі і супраць рабочых. Больш за тое, яны яшчэ больш упэўніваюцца ў тым, што трэба даводзіць справу да канца, што толькі змаганнем і прынцыповай сваёй пазіцыяй можна прымусіць гэтую незаконную ўладу сысці», – зазначае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Вельмі важным застаецца для завадчанаў падтрыманне, якое арганізуюць для іх фонды дапамогі, створаныя бізнесам і беларусамі за межамі нашай краіны. Так, звольнены яшчэ ў сярэдзіне жніўня працаўнік МАЗ Сямён Фядотаў атрымаў магчымасць знайсці сябе ў іншай спецыяльнасці.

«Мне стачкам даў адваката, быў распачаты судовы працэс, але справу я прайграў. Затым мне ўручылі сертыфікат са зніжкай на навучанне англійскай мове, і ідзе зараз навучанне на дызайнера», – дзеліцца былы працаўнік МАЗ Сямён Фядотаў.

Бясцэннае таксама падтрыманне забастоўнікаў і ў межах нашай краіны, калі людзі ладзяць акцыі салідарнасці ды нават дапамагаюць з жытлом і харчамі.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»