Рэпрэсіі супраць Каардынацыйнай рады


Верныя Аляксандру Лукашэнку спецслужбы працягнулі гвалтам вывозіць за мяжу чальцоў Каардынацыйнай рады транзіту ўлады. З Беларусі ва Украіну пад прымусам вывезлі Антона Раднянкова ды Івана Краўцова. У гэты момант яны даюць у Кіеве прэс-канферэнцыю. А вось Марыю Калеснікаву КДБ вывез, але недавёз – яна проста на мяжы выскачыла з машыны і парвала свой пашпарт. Хаця дзяржаўныя СМІ паспелі паведаміць пра добраахвотны выезд лідараў апазіцыі.

А пятай раніцы на пераходзе Аляксандраўка чальцы Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава, Антон Раднянкоў ды Іван Краўцоў прайшлі памежны кантроль. Далейшыя падзеі нагадваюць дэтэктыў. Калеснікава апынулася па-за аўтамабілем, яе затрымалі. Раднянкоў і Краўцоў выехалі на тэрыторыю Украіны.

«Гэтых грамадзянаў гвалтам павезлі да мяжы з Украінай, дзе планавалі іх выправадзіць з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выкарыстоўваючы факт, быццам лідары апазіцыі кінулі сотні тысячаў сваіх прыхільнікаў і спынілі змаганне з рэжымам Лукашэнкі», – сказаў намеснік міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка.

Марыя Калеснікава, каб перадухіліць спробу гвалтоўнага вывазу яе з Беларусі, разарвала на мяжы свой пашпарт.

«Уся адказнасць за ейнае жыццё і здароўе – на Аляксандру Лукашэнку, дыктатары Беларусі», – зазначыў Антон Герашчанка.

Аляксандр Лукашэнка ў размове з расейскімі медыямі завіў, што Марыя Калеснікава хацела ўцячы да сястры ва Украіну, а таму затрыманне, на ягоную думку, было слушным. Бацька Калеснікавай у каментары парталу TUT.BY зняпраўдзіў заяву Лукашэнкі.

«Марыя заўсёды паўтарала: «Тата, што б ні здарылася, я буду ў Беларусі. Гэта была яе прынцыповая пазіцыя. Яна нічога не казала мне пра тое, што плануе зʼехаць ва Украіну. І ўчора я пакінуў заяву ў міліцыі аб яе знікненні», – распавёў Аляксандр Калеснікаў.

Дзяржаўныя медыі адʼезд чальцоў Каардынацыйнай рады назвалі ўцёкамі і выклалі відэа нібыта з тэлефона Івана Краўцова, у якім ён кажа пра планы зʼехаць з краіны:

«Я прыняў рашэнне пакінуць тэрыторыю краіны, і цяпер мы – у тым ліку Марыя Калеснікава – будзем перасякаць мяжу Рэспублікі Беларусь і пакінем яе на пэўны час».

Сітуацыю, што складваецца ў Беларусі вакол апазіцыі, якая прапануе дыялог Лукашэнку, данесла Камітэту Рады Еўропы былая кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская:

«Апазіцыянераў трымаюць па сфабрыкаваных абвінавачаннях, запалохваюць і пагражаюць, а то і зусім выдвараюць з краіны. Толькі ўчора была выкрадзеная адна з лідараў мірных пратэстаў – Марыя Калеснікава».

Марыю Калеснікаву выкралі невядомыя ў цэнтры Менску ранкам 7 верасня. Палітыка пасадзілі ў «Газель» з пазнакаю «Сувязь». На гэтым відэа – імаверны момант затрымання. Неўзабаве знікла сувязь з Іванам Краўцовым ды Антонам Раднянковым.

«Пад’ехаў нечакана бусік, як гэта ў нас апошнім часам, на жаль, у Беларусі бывае, адтуль выйшлі невядомыя людзі. Яны нас у гэты буіск запхнулі», – узгадвае падзеі Антон Раднянкоў.

Калеснікава, паводле інфармацыі штабу Бабарыкі, застаецца ў Мазырскім памежным атрадзе. Дзяржаўны памежны камітэт інфармацыю не пацвярджае і не абвяргае. Вызваліць Калеснікаву запатрабаваў штаб, а таксама Святлана Ціханоўская.

Такім чынам з сямі чальцоў прэзідыуму Каардынацыйнай рады на волі ў Беларусі цяпер толькі нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч і юрыст Максім Знак. Астатнія затрыманыя, пад арыштам або за мяжою.

«Я думаю, пытанне пра Каардынацыйную раду стаяла даўно. Што ўсіх паціху і дапытаюць, і затрымаюць, і кагосьці – з краіны. Мэта адна: каб яна не працавала, каб яна не магла рэпрэзентаваць інтарэсы Ціханоўскай у Беларусі», – кажа праваабаронца, былы следчы Алег Волчак.

У той жа час, зазначае адмыслоўца, у Каардынацыйнай рады зʼяўляецца магчымасць сабраць каманду ў Еўропе і ствараць ценявы ўрад.

Анастасія Русецкая, «Белсат»