Рэкордныя пакаранні абаронцам незалежнасці


170 судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў супраць інтэграцыі з Расеяй, 345 содняў арышту і штрафаў амаль на 130 тысяч рублёў. Гэткія, паводле справаздачы праваабаронцаў, сумныя вынікі судовага канвееру ў снежні і студзені.

Сёння грамадскі актывіст Алесь Чахольскі без поспеху абскарджваў сваё пакаранне за ўдзел у акцыях дзеля падтрымання незалежнасці ў Менску. Пры канцы снежня суд Кастрычніцкага раёну Менску пакараў яго васьмюстамі дзесяццю рублямі штрафу і пятнаццаццю соднямі арышту. Галоўнае – за краты актывіста адправілі адразу ж пасля выраку, яшчэ да ўступлення ў сілу рашэння суда, што цалкам незаконна.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Алесь Чахольскі, кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу «Курапаты»:

«Напрыклад, па мне там бегаў цэлы падпалкоўнічак, такі падшыванец малады, і кіраваў суддзёй, колькі мне даць – там 15 сутак, там 30 базавых. Уявіце сабе – міліцыя кіруе судамі. Пра што мы можам сказаць? Вынік чаканы. Усё заканадаўства парушанае, мяне ж пазбавілі права на абарону, на адваката».

Актывіст заяўляе, што збіраецца прайсці са справаю па ўсіх беларускіх і міжнародных інстанцыях, каб давесці яе да Камітэту правоў чалавека ААН. Мэта – паказаць працу беларускай судовай сістэмы і агулам звярнуць увагу на рэпрэсіі ў Беларусі.

Валянцін Стэфановіч, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», тлумачыць:

«Бачна тэндэнцыя на жорсткую рэакцыю ў дачыненні да блогераў, якія гэтую інфармацыю распаўсюджваюць на больш шырокую аўдыторыю. І на іх, відаць, з пункту гледжання ўладаў уздзейнічаць складана нейкімі іншымі метадамі».

У гэтым выпадку паказальны прыклад блогера Андрэя Казлова, вядомага як Шэры Кот, – яго арыштавалі ажно на сто дваццаць содняў. А што жыхары сталіцы думаюць наконт жорсткай рэакцыі ўладаў на акцыі дзеля падтрымання незалежнасці?

«Тое, што людзі абараняюць незалежнасць нашай краіны, – гэта іхнае права, гэта цалкам нармальна. Чаму нашая ўлада так жорстка ставіцца, я не разумею».

«Можа, вярнуліся трохі да мінулага? Кшталту строгасць. А я яе цярпець не магу. Бо арлы ў няволі не нараджаюцца».

«Такое альтэрнатыўнае меркаванне народу і выклікае такую рэакцыю. Думаю, што іншай і быць ня можа», – кажуць жыхары Менску.

На выплату штрафаў пакараным за ўдзел у акцыях грамадзяне сабралі каля пяцідзесяці тысяч рублёў. А грошы на выплату штрафу для журналісткі Дзіяны Серадзюк сабралі менш як за содні. Валянцін Стэфановіч, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна»:

«Вельмі важна, што людзі праяўляюць такім чынам салідарнасць. Тыя, хто самі не ўдзельнічае ні ў якіх публічных мерапрыемствах, таму што гэта досыць небяспечна ў нашых умовах, але яны гатовы падтрымаць тых, хто пацярпеў матэрыяльна».

І запыт на гэтую салідарызацыю ўсё ўзрастае, бо ў год прэзідэнцкіх выбараў мяккай пазіцыі ўладаў да вулічных акцыяў чакаць не выпадае.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu