Рэкорд пабіты! Працягваецца рост захворвання на COVID-19


Каля гарадской клінічнай гінекалагічнай больніцы аб адзінаццатай раніцы – 12 аўтамабіляў хуткае дапамогі! З учорашняга дня гэтая больніца сталася дзясятай у Менску, што прымае на лячэнне хворых з COVID-19.

З пачатку восені захворванне на каронавірус моцна расце. Абавязковы маскавы рэжым у краіне пачалі ўводзіць два дні таму. У Менску на дыстанцыйнае навучанне адправілі студэнтаў БДУ. Агулам жа сітуацыя на вуліцах і ў грамадскіх месцах выглядае спакойнаю, у масках не гэтулькі шмат людзей.

«Калі пачну адчуваць сябе дрэнна, надзену. Таму што яна мяне ніяк не абароніць ад віруса, а для іншых людзей шанцы ёсць», – расказваюць мінакі.

«Увесь свет ходзіць у гэтых масках, чаму ў нас «начэпліваюць»? Наморднік! З вышыні сказалі. Прыгожа? Што, няма праблемы? Колькі людзей хварэе?»

«Усё роўна чалавек памірае. Або ад каронавіруса, або ад іншай хваробы. Калі наканавана, памрэш. Я не баюся каронавіруса».

Сусветная арганізацыя здароўя рэкамендуе насіць маскі ў месцах збору людзей. Мы паглядзелі, наколькі сур’ёзна да гэтых рэкамендацыяў ставяцца ў менскім грамадскім транспарце. Сярэдзіна працоўнага дня. У аўтобусе людна. З 24 пасажыраў толькі 10 у масках. Захаваннем дыстанцыі людзі таксама не надта пераймаюцца.

У першую хвалю каронавіруса людзі актыўна скуплялі маскі і антысептыкі. Цяпер лікі смяротнасці і захворвання значна вышэйшыя за вясновыя, але пакупніцкай актыўнасці ў аптэках не назіраецца.

«Ужо надакучыла баяцца. Яны прыходзяць па маскі ды антысептыкі, але ўжо без ажыятажу, як было адразу», – кажа фармацэўтка Таццяна Карніловіч.

Некалькі фармацэўтаў сталічных аптэк адзначылі, што дагэтуль здараюцца перабоі з паступленнем масак. Не проста здаць і тэст на наяўнасць каронавіруса, у Менску даводзіцца стаяць у чарзе некалькі гадзін. Паводле палітолага Таццяны Чуліцкай, развязаць праблему росту захворвання нельга без сур’ёзных палітычных захадаў.

«Для барацьбы з COVID неабходна ўлічваць дадзеныя пра захворванне, рэкамендацыі лекараў, рэкамендацыі эпідэміёлагаў і на іх падставе распрацоўваць палітыку. 3.15:25 сумняваюся, што ў Беларусі, калі распрацоўваюць меры на ўзроўні дзяржавы, сурʼёзна ўлічваюцца меркаванне эпідэміёлагаў», – лічыць Таццяна Чуліцкая.

У такім разе развязанняў застаецца няшмат.

«Нават калі няма палітычных развязанняў адэкватных, мае быць з боку медыяў кампанія інфармавання, растлумачэнне прынцыпаў сацыяльнага дыстанцыявання, прынцыпу нашэння масак», – кажа спадарыня Таццяна.

Паводле афіцыйных звестак, за час распаўсюду каронавіруса ў Беларусі ад яго памерлі 1022 чалавекі – то бок каля 6 асобаў памірала штодня.

Алена Дубовік, Белсат