Рэкорд пабіты! Колькі гадоў самай пажылой пенсіянерцы, аштрафаванай за мітынг?


Валерыі Смірновай 89 гадоў. За ўдзел у маршы яе аштрафавалі на 810 рублёў. Пакаранне яна называе абсурдным і параўноўвае яго з прысудам свайму бацьку, расстралянаму як вораг народу ў 1941 годзе.

«Мне здаецца, што нават копію зняў хтосьці з майго вось гэтага ліста. Таму што ну ўсё такое, гэта мне сёння далі 700 рублёў штрафу. За што? Ну за што, я не разумею?», – здзіўляецца жанчына.

Аналагічным чынам сёння пакаралі і ейную 68-гадовую дачку Людмілу Быстрэнка. Пастанова такая ж: 810 рублёў штрафу.

«Гэта не прысуд. У іх там цэх штампоўкі прысудаў. Такое ўражанне, што яны жывуць у сваім нейкім ілюзорным свеце, які ні па якіх параметрах не састыкуецца з рэальным жыццём», – кажа Людміла.

Пенсіянеры масава ўдзельнічаюць у пратэстах з жніўня. Праваабарончы цэнтр «Вясна» ведае прынамсі пра трыста пенсіянераў, прыцягнутых да адказнасці паводле артыкулаў 23.34 і 23.4. Рэпрэсіі сталі больш жорсткімі ў лістападзе, калі караць сталі і соднямі. Пастановаў на арышт – н(я) менш за 100. Максімальная колькасць содняў, прысуджаных пенсіянеру, – 22.

Умовы ўтрымання ў ізалятары пенсіянеры называюць жорсткімі.

«Я паглядзела, хто са мной у камеры знаходзіўся: маладыя, сталыя жанчыны. Мы дзяліліся… Мы ведаем, што такое шчасце ад пакуначка гарбаты. На дзесяцёх! Калі я праз гэта прайшла: ІЧУ, ЦІП, Баранавічы. У прынцыпе, я была да гэтага гатовая», – расказвае 67-гадовая Валянціна Хілюціч, арыштаваная на 10 содняў.

Валерыя Смірнова 89 гадоў.

Абвінавачванні будуюцца на паказаннях міліцыянтаў, якія выступаюць праз «Скайп» і не называюць сваіх прозвішчаў. У такія суды трапляюць самыя розныя пажылыя асобы. Гэтак, у панядзелак пакаралі штрафам на 810 рублёў 59-гадовую вядучую навуковую супрацоўніцу Акадэміі навук.

Георгію Шадурскаму 83 гады, ён кандыдат тэхнічных навук і мае 15 патэнтаў на вынаходствы ў галіне электроннага машынабудавання… а цяпер і штраф на 405 рублёў.

 

Георгій Шадурскі 83 гады.

«Яны не могуць запалохаць, калі побач такія зборы людзей. Гэта ж сотня тысяч. Гэта шмат! Што будзе патрабаваць народ, я буду сапраўды гэтак жа паводзіць сябе», – кажа Георгій.

Усе пенсіянеры, з якімі мы пагаварылі, выходзяць на маршы, бо лічаць, што на прэзідэнцкіх выбарах скралі іхныя галасы.

«Нават у галаве ў мяне не было гэтага, каб за Лукашэнку галасаваць. Ён жа хлусіць на кожным кроку. Кажа адно, а робіць іншае. Ну хіба так можна?», – лічыць Валерыя Смірнова.

Сёння на 30 і 25 базавых аштрафавалі пенсіянерак Ванду Кучынскую і Вікторыю Дзмітрыеву. Абедзве жанчыны нарадзіліся 9 траўня 1945 года.

Алена Дубовік, belsat.eu