Рэканструкцыя будынку ў Горадні можа прынесці больш шкоды, чым карысці


Дом на вуліцы Вялікая Траецкая ў Горадні празвалі «крывым» праз выгнуты фасад, што паўтараў контур плошчы, якая была тут некалі. Да Другой сусветнай вайны ў ваколіцах месціўся Школьны двор – габрэйская частка гораду.

Будынак доўгі быў у аварыйным стане, аднак пазалетась – яго набыў прадпрымальнік, гатовы адрэстаўраваць каштоўнасць 19-га стагоддзя ды размясціць у ёй гатэль.

«Гэты будынак унікальны тым, што ён апошні з захаваных, якія стаіць на тэрыторыі былога Школьнага двара. Апроч сінагогі і будынку малітоўнай школы, якая побач з ім», – распавядае Мечыслаў Супрон, гісторык.

Нягледзячы на тое, што ўласнік праекту – заснавальнік дому гарбаты «Чайкоффский» – абяцаў захаваць фасадную сцяну, гісторыкі забілі трывогу. Днямі каля абнесенай плотам тэрыторыі размясцілі план рэканструкцыі. З яго стала зразумела: замест помніку паўстане навабуд. Комплекс з гатэлем, офісамі ды гандлёва-забаўляльнымі кропкамі. Выклікае спрэчкі і вонкавы выгляд будучага будынку.

«Яна не будзе ўпісаная ў гістарычную забудову, будзе вельмі выдзяляцца. Па-першае, сваім аб’ёмам, бо гэты будынак па плошчы будзе большы нават, чым сінагога», – працягнуў Мечыслаў Супрон, гісторык.

Па-другое, падчас пракладання камунікацыяў і залівання фундаменту можа быць знішчаны каштоўны культурны пласт. Падмуркі былых габрэйскіх малітоўных школаў, а таксама імаверныя ўмацаванні гарадскога дзядзінцу.

«Менавіта тут быў пратагорад. То бок – паселішча яшчэ да прыходу славянаў. І фактычна горад тут быў калі не з 6-га, то з 10-га стагоддзя нашай эры дакладна», – кажа Ігар Лапеха, краязнаўца.

Што праўда, падчас правядзення зямельных працаў абяцалі археалагічны нагляд. Аднак, на думку адмыслоўцаў, для захавання гістарычных артэфактаў неабходна правесці паўнавартасныя археалагічныя раскопкі.

«Я вельмі насцярожаны тым, што той археолаг, які будзе наглядаць за гэтым будаўніцтвам, пойдзе па найменш складаным шляху. То бок ён проста будзе назіраць за экскаватарам. Насамрэч, гэтая тэрыторыя адна з самых каштоўных археалагічных тэрыторыяў Горадні», – выказвае меркаванне Ігар Лапеха, краязнаўца.

Якім шляхам пойдзе археолаг, будзе вядома ў выніку працаў. Аднак надзеяў на адраджэнне Школьнага двара ў гісторыкаў амаль не засталося. Што ж да досведу спрэчнай рэканструкцыі – для Горадні ён не новы. Значная часта археалагічнай спадчыны была знішчаная на пачатку 2000-ых пры рэканструкцыі гістарычнага цэнтру гораду.

Юлія Лабанава, «Белсат»