Рэгіёны сустракаюць Ціханоўскую авацыямі


Роўна тыдзень Святлана Ціханоўская сустракаецца з выбарцамі ў рэгіёнах. Сёння кандыдатка на прэзідэнцтва наведала Воршу, Магілёў і Бабруйск. Як яе сустракаюць у рэгіёнах людзі, і як на сустрэчы рэагуюць улады?

Тры тысячы асобаў, бел-чырвона-белыя сцягі. Магілёўцы вітаюць жаночае трыа: кандыдатку на прэзідэнцтва Святлану Ціханоўскую і прадстаўніц незарэгістраваных прэтэндэнтаў, Вераніку Цапкалу ды Марыю Калеснікаву. За што выступаюць удзельнікі мітынгу?

«Хочацца элементарнай свабоды слова! Калі ты маеш іншае меркаванне, а цябе за гэта саджаюць на «содні» – гэта ненармальна!»

«Някляеў казаў: «Они украли у нас страну, украли речи нашей звуки». Я беларус, а размаўляю па-расейску. Чаму? Таму, што не давалі мне вывучыць гэтую мову нармальна».

«Заклікаю ўсіх падтрымліваць Святлану Ціханоўскую. Жыве Беларусь!» – кажуць жыхары Магілёва.

Дзяржынск, Менск, Глыбокае, Наваполацк, Віцебск – у кожным горадзе, які наведала Святлана Ціханоўская на працягу тыдня, збіраліся тысячы людзей. Шматлікі мітынг трыа сабрала і ў Воршы. Чаго чакаюць жыхары гораду?

«Змены ўлады. Мне гэтага будзе дастаткова. Я не ведаю, што будзе з новай уладай – будзе лепш ці горш, але будзе па-іншаму!»

«Дзе тыя 500 долараў у працоўнага чалавека? Іх няма! Адныя абяцанні! Я хачу, каб народ адчуў гэта ўсё!»

«Мы так прайшлі – прыблізна тысячы тры ёсць! Мы вельмі радыя, што ў наш горад прыехалі! Мы адклалі ўсе справы, якія былі!» – прызнаюцца аршанцы.

Як жа на палітычную актыўнасць у рэгіёнах рэагуюць улады?

«Гэта вы ў нашай краіне знайшлі самага галоўнага эканамічнага злачынцу? Маёр міліцыі, старэйшы лейтэнант, цэлы атрад міліцыі!» – абураюцца грамадскія актывісты з Крупак Аляксандр і Ганна Бандарэнкі.

Іх сына ўзброеныя міліцыянты забралі ў Барысаўскі РАУС. Сілавікі заявілі, што 18-гадовы Ілля падаў у БДУ падробленую даведку.

«Мы ім кажам: вазьміце на месцы сведчанні, навошта дзіця забіраць?! Мы зачынілі яго ў залі на замок, а гэтыя галаварэзы хацелі ўжо сілай ламаць замок, пакуль не прыйшоў маёр», – распавядае Аляксандр Бандарэнка.

За Іллём Бандарэнкам у райаддзел паехалі бацькі і сястра Кацярына. Яна – сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Уся сям‘я атрымала павесткі з патрабаваннем з’явіцца ў РАУС заўтра.

Акурат заўтра каманда Святланы Ціханоўскай мае правесці ў Крупках пікет. Сама кандыдатка на прэзідэнцтва наведае Магілёў і Жлобін.

Аляксандр Папко, «Белсат»