Рэфармаваць, але як?


«На пенсіі будзе лепш», – казаў у лютым Лукашэнка, агучваючы на чарговым з’ездзе прафсаюзаў планы змяніць пенсійную сістэму. Змены планаваліся напрыканцы гэтага года. Сёння прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка паставіў задачу так.

«Каб захаваць стабільнасць пенсійнага забяспечвання, трэба перафарматаваць пенсійную сістэму. Максімальна задзеяць механізм прыватных пенсійных ашчаджэнняў і карпаратыўных пенсійных праграмаў наймальнікаў», – лічыць прэм’ер міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

Лукашэнка яшчэ на пачатку года казаў: пры рэформах будзем апірацца на досвед іншых краінаў. Напрыклад, Расеі. Там зусім нядаўна спрабавалі ўвесці сістэму адлічэнняў, якія б людзі самыя і кантралявалі. А прыватнікі з гэтага б зараблялі. Але дагэтуль пенсійнай сістэмы нашыя суседзі яшчэ не рэфармавалі. Як будзе ў Беларусі? Даваць такія прагнозы эканамістам пакуль што складана.

«Пакуль не зусім зразумела, пра што казаў прэмʼер-міністр, калі разважаў аб тым, што мы будзем праводзіць пенсійныя рэформы. То бок, магчыма, усё ж такі пачалі разумець, што не толькі за кошт павышэння пенсійнага ўзросту неабходна яе рэфармаваць.

Хутчэй за ўсё, цяпер якраз і будуць працаваць над тым, як правільна сфармаваць ФСАН, як правільна фармаваць назапашвальную частку пенсіі.

Я цяпер не бяруся казаць аб тым, якія захады і прылады яны будуць выкарыстоўваць у бягучых рэаліях», – адказвае эканаміст цэнтру эканамічных даследаванняў «Beroc»Марыя Акулава.

Як выглядае айчынная пенсійная сістэма цяпер? Наймальнік вылічае суму ў працаўніка і перасылае ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. З гэтых грошай, да прыкладу, утрымліваюць пенсіянераў, ідзе дапамога семʼям з немаўлятамі ды людзЯм з інваліднасцю.

У некаторых банках Беларусі ёсць праграмы, па якіх можна рабіць адлічэнні на ўласны рахунак. Але абраць паміж дзяржсістэмай і банкам нельга.

«Нам менавіта трэба змяняць структуру фінансавання пенсіянераў. Але для гэтага трэба ўкараняць механізмы фінансавання наймальнікамі і механізмы фінансавання грамадзянамі ўласных пенсіяў, не трэба забываць, у тым ліку, аб рынках каштоўных папераў для таго, каб пенсійны фонд здолеў зарабляць», – мяркуе сацыёлаг Алена Арцёменка-Мельянцова.

Летась «Белстат» падлічыў, што на кожнага пенсіянера прыпадае трохі менш за двух работнікаў.

І хоць ледзь ня кожны чацвёрты пенсіянер – працуе, Фонд сацыяльнай абароны ня першы год зазнае дэфіцыт. Дадатковыя грошы вымушаныя браць з бюджэту. Улічваючы колькасць працаздольных беларусаў, якія ўцяклі, у тым ліку ад пераследу, за мяжу, пенсіянеры рызыкуюць застацца без адлічэнняў, разважае Марыя Акулава.

«Пайсці на патрабаванні людзей, грамадзянаў Беларусі. Выконваць гэтыя патрабаванні».

«Па-першае, зацікавіць іх у бясплатным навучанні, каб было больш бясплатных месцаў, каб вучыцца студэнтам. Каб зніжкі былі нейкія для студэнтаў».

«Змяняць трэба кардынальна ўсё ў гэтай краіне», – кажуць жыхары Берасця.

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства ўнутраных справаў, з пачатку восені амаль 14 тысяч беларусаў зʼехалі ў іншыя краіны.

Надзея Бельская, «Белсат».