Рэакцыя міжнароднай супольнасці на падзеі ў Керчанскай пратоцы


Уначы ў Кіеве сабралася паседжанне Рады Нацыянальнай бяспекі і абароны.

Пятро Парашэнка, прэзідэнт Украіны:

«Я звяртаюся да кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі з патрабаваннем неадкладна вызваліць украінскіх вайскоўцаў, якія ў парушэнне міжнароднага права былі брутальна затрыманыя, і лёс якіх невядомы».

Некалькі гадзінаў таму міністр замежных справаў Украіны Паўло Клімкін адкрыта назваў канфлікт «вайной». А вось у Маскве ў парушэнні міжнароднага права чакана абвінавацілі Украіну. Сяргей Лаўроў, міністр замежных справаў Расеі:

«Жорстка заклікаем заходніх спонсараў Кіева ўсё ж такі ўгаманіць тых, хто намагаецца цяпер на ваеннай істэрыі зарабіць палітычныя пункты ў сувязі з будучымі выбарамі».

Кіеў заклікаў сабраць надзвычайную сесію Рады Бяспекі ААН. Таго самага дамагалася і Расея.

«Першая такая азнака непрыхаванай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Таму што ўсе папярэднія чатыры гады Расея выкарыстоўвала гібрыднае такое ўздзеянне ў вайсковым рэчышчы, былі задзейнічаныя вайскоўцы без знакаў адрознення», – каментуе ўчорашнія падзеі журналіст Дзяніс Івашын (INFORMNAPALM.ORG).

На падзеі ў Керчанскай пратоцы Еўразвяз адрэагаваў заявамі, што крытыкуюць дзеянні Крамля.

«Такое развіццё падзеяў недапушчальнае, і мы чакаем ад Расеі неадкладнага вызвалення караблёў ды іх камандаў, забеспячэння медычнай дапамогі ўкраінскім вайскоўцам», – каментуе Мая Кацыянчыч, прэс-сакратарка Еўракамісіі.

Старшыня Еўрапейскай Рады Дональд Туск адназначна заявіў – Еўропа аднадушна падтрымае Украіну. У Паўночнаатлантычным Альянсе сітуацыю пракаментавалі падобна. Оана Лунгеску, прэс-сакратарка NATO:

«NATO цалкам падтрымлівае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласць Украіны, уключна з правам навігацыі ў яе тэрытарыяльных водах. Мы заклікаем Расею забяспечыць доступ да ўкраінскіх партоў у Азоўскім моры ў адпаведнасці з міжнародным правам».

З заклікамі да дыялогу і ў стрыманым тоне выдалі свае заявы МЗС Нямеччыны, Кітаю і Турэччыны.

Некаторыя краіны рэагавалі больш востра. Даля Грыбаўскайце, прэзідэнт Літвы:

«Моцна асуджаю расейскую агрэсію супраць Украіны. Захоп украінскіх караблёў у Керчанскай пратоцы – яшчэ адно абуральнае парушэнне міжнароднага права і ўласных абавязкаў Расеі».

Менавіта ў агрэсіі абвінавацілі Расею ў МЗС Канады, Латвіі, Польшчы і Эстоніі. Ёсць у гэтай сітуацыі і патэнцыйная небяспека для нашай краіны. Журналіст Дзяніс Івашын (INFORMNAPALM.ORG):

«Ёсць адзіная рэгіянальная групоўка войскаў, ёсць адзіная рэгіянальная сістэма супрацьпаветранай абароны, ёсць гэтая сумнавядомая АДКБ. Паводле ўсіх гэтых юрыдычных дакументаў Беларусь цалкам звязаная ў вайсковым плане з Расейскай Федэрацыяй».

МЗС Беларусі маўчыць. Аляксандр Лукашэнка таксама ніякіх заяваў не рабіў.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: REUTERS / Yevgeny Volokin / FORUM