Развіталіся з Уладзімірам Скорбам, які скончыў з жыццём пасля гібелі калегі на хлебазаводзе ў Чавусах


У Чавусах на Магілёўшчыне цягам тыдня пахавалі двух працаўнікоў хлебазаводу. Сёння развіталіся з 49-гадовым Уладзімірам Скорбам, напарнікам цестамяшальніцы, якая днямі загінула ў механізме вытворчай машыны. Праз 4 дні пасля трагічнага здарэння мужчына наклаў на сябе рукі.

У Чавусах пахавалі 49-гадовага Уладзіміра Скорбу – бацьку дваіх поўнагадовых дзяцей. Мужчына наклаў на сябе рукі праз 4 дні пасля трагічнай страты напарніцы на заводзе, дзе працаваў.

Дзіна Скорба, жонка памерлага:

«Што адбылося… як гэтак атрымалася… невядома… Але што там за абсталяванне? Яно на ладан дыхае і магло адказаць у любы момант».

Гаворка пра цестамяшальную машыну, з якою ў выключаным рэжыме 4 ліпеня працавала 52-гадовая Тамара Багданава. Як сталася, што машына ўключылася – ніхто не ведае.

«Кнопкі калі ўключаеш – яны былі з аднаго боку, а яна была з супрацьлеглага. Нельга ўключыць кнопку, аббегчы дзежку і трапіць пад гэтую цэстамяшалку ў гэты механізм», – распавядае Дзіна Скорба.

Ведаем, што ў абавязках Уладзіміра было падвозіць муку да гэтае машыны, і што гэта ён выцягваў адтуль скалечаную жанчыну. Маці памерлага Валянціна Саксонава:

«Казаў, п’яных нікога не было, усе былі на нагах. Казаў, што яе адтуль цягнуў, пакуль іншыя дзеўкі прыйшлі, крычаў «выклікайце «хуткую».

Але жыхары Чавусаў казалі рознае:

«Што націснуў кнопку, калі яна працавала, і яе (рэд. Тамару) «лапаю» у мяшалцы ўдарыла ці што».

«Цягалі яго па міліцыях, зацягалі, і я думаю, што ён, такі бяскрыўдны слабахарактарны чалавек, і ён набраў сабе ў галаву, магчыма, – напіўся і павесіўся, калі ўдома нікога не было».

Справаю заняўся Следчы Камітэт. Наперадзе экспертыза машыны, за якую СК ужо выставіў рахунак Чавускаму Райспажыўсаюзу – галаўному прадпрыемству хлебазаводу. Мікалай Глушкевіч, старшыня Чавускага Райспажыўсаюзу:

«Экспертыза будзе праходзіць, я мяркую, у нашай прысутнасці (некага з маіх падначаленых), Следчага Камітэту і дэпартаменту Аховы працы. […] Па тэхніцы бяспекі ўсе дакументы, якія збіраў Следчы Камітэт, парушэнняў там няма. Усё распісана, раскладзена».

Распісвалі і раскладвалі ўжо пасля візіту дэлегацыі Следчага Камітэту, якая апытала працаўнікоў гуртам наўпрост на заводзе. Дзіна Скорба, жонка памерлага:

«У Райспажыўсаюзе сказалі, каб ён напісаў заяву аб пераводзе мукасеем заднім чыслом. Навошта гэта было Райспажыўсаюзу, я не ведаю».

У падобных выпадках пытанне адказнасці – наступнае пасля кампенсацыі семʼям… Пахаванне абодвух працаўнікоў арганізацыя ўзяла на сябе. Аляксандр Ярашук з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў тлумачыць, што хлебазаводы – у шэрагу найбольш траўманебяспечных прадпрыемстваў аграпрамысловага і будаўнічага комплексаў. Ёсць і дадатковая, агульная для ўсіх праблема:

«Камандна-адміністрацыйная сістэма кіравання эканомікаю штурхае кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацыяў на тое, каб яны прыхоўвалі выпадкі парушэнняў аховы працы і здарэнні».

Гэта паляпшае дзяржаўную статыстыку і вызваляе прадпрыемствы ад патрэбы кампенсаваць шкоду. Калі ж даходзіць да гібелі, за справу бярэцца следства. У справе Тамары Багданавай яно дапытала, а потым згубіла галоўнага сведку.

Юлія Цяльпук, belsat.eu