Раён, які «варта паказаць гасцям Славянскага базару». Цемра і бездарожжа ў цэнтры Віцебску


У план па рамонце асфальтабетоннага пакрыцця прыдамавых тэрыторыяў трэці год запар не трапляе шэраг вуліц віцебскага прыватнага сектару. Абураныя жыхары неаднаразова звярталіся ў адміністрацыю гораду з просьбаю ўзяцца за ўпарадкаванне дарог, пракладзеных яшчэ ў 70-я гады.

Складана ўгледзець асфальт у пабітых у рэшата дарогах уздоўж вуліц Зялёная, 43-яй Арміі, Кіеўская, Рыжская…

«Я на сваім веку ўвогуле не памятаю, каб тут нешта рабілася. Старажылы кажуць, як паклалі ўпершыню пры Брэжневе, так яно і ляжыць з савецкіх часоў», – кажа жыхар прыватнага сектару, Віцебск.

І рамонту тут не рабілі, і знакаў, якія б абмяжоўвалі хуткасць руху, можна тут не ўсталёўваць. Жыхары кажуць – гэты раён варта паказаць гасцям «Славянскага Базару» ці «Другіх Еўрапейскіх гульняў»:

«Вясною і ўвосень увогуле прайсці немагчыма, не тое што на машыне праехаць. Мой сваяк, зяць, то ўжо ўсе падвескі знішчыў, ездзіўшы тут».

Жыхары прыватнага сектару разам з віцебскімі актывістамі БХД два гады таму збіралі і дасылалі подпісы пад адмысловым зваротам у гарвыканкам і савет дэпутатаў. Адмовілі раз, а летась – і другі. Алена Шабуня, грамадская актывістка:

«У сувязі з дэфіцытам фінансавых сродкаў у бюджэце ў планах па рамонце дарожнай сеткі гораду Віцебску на 2018 год – не ўвайшло».

Новага дарожнага пакрыцця яны не пабачаць і сёлета на ўчастку, які месціцца ўсяго ў двух з паловаю кіламетрах ад Плошчы Перамогі!

«Кожны год абяцаюць, кожны год абяцаюць, і ўсё па калена – бруд. Як гэта так! У цэнтры гораду! Зараз вунь у сельскай мясцовасці асфальт ляжыць», – абураецца жыхарка прыватнага сектару.

Згодна з гадавым планам, больш за BR 326 204 пакладзе на дарогі ў дварах Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка. Вызначылі 30 такіх двароў: між іншых, на Ільінскага, Дзмітрава і праспекце Фрунзэ.

«Я лічу, што гэты бетонавы выступ ля дзіцячай пляцоўкі трэба прыбраць, бо дзеці бегаюць, бавяцца ў мяч і могуць ударыцца».

«Трошку рамантавалі нядаўна, ямінкі пазасыпалі, заасфальтавалі», – кажуць жыхары вуліцы Ільінскага.

Жыхары прыватнага сектару пакрыўджаныя, кажа Ірына Яскевіч з аргкамітэту Беларускага прафсаюзу «Разам»:

«Рамантуюць дарогі, якія ў параўнанні з нашымі значна лепшыя. Таму незразумела, хто плануе рамонт дарог, з кім узгадняюцца, і куды сыходзяць бюджэтныя грошы».

У Віцебску «хвастоў» нарыхтавалася: нашая камера бачыла, як віцябляне просяць там-сям упарадкаваць пад’езды, усталяваць дзіцячыя пляцоўкі ці ходнікі. Да Віцебскіх уладаў дагрукацца цяжка, пераканаўся «Белсат», не датэлефанаваўшыся цягам двух дзён да аніводнай з шасці асобаў, кампетэнтных у пытанні дарог. Пабывалі на ўчастках, дзе «Гордормост» летась хаваў праблемы пад шчэбень. А ў канцы вулічнага калідора…

«У нашым тупіку там увогуле цёмна, асвятлення ніякага няма. Тут стаіць слуп, а далей – цемра», – кажа мясцовая жыхарка.

Яміны і цемра – спалучэнне небяспечнае – таму ўночы без ліхтара тут не хадзі.

Юлія Цяльпук, belsat.eu