Расстралялі ў Курапатах за прыналежнасць да «царкоўнай групоўкі». Гісторыя Радзівона Зайцава


Сёння ў Курапатах мелася б стаць на адзін імянны крыж болей, калі б не канфіскацыя ўладаў. Памятны знак быў прымеркаваны Радзівону Зайцаву, звычайнаму селяніну, якога прызналі ворагам народу. Лёс арыштаванага ў 1938 годзе беларуса савецкія органы хавалі дзесяцігоддзямі. Аднак сын рэпрэсаванага не пераставаў шукаць бацьку, і напачатку двухтысячных КДБ пацвердзіў – Радзівона Зайцава расстралялі ў Менску.

Дзень перад праваслаўным Раством 6 студзеня 1938 года. Іван Зайцаў узгадвае, як ва ўзросце сямі гадоў апошні раз бачыў бацьку.

«Ну вось толькі збіраліся мы ў лазню з бацькам, і адразу прыходзяць утрох – у вайсковай форме былі. Маці кажа: а куды вы яго? Дайце хоць у лазні памыцца! А старэйшы адказвае – у лазню ён яшчэ прыедзе», – распавядае Іван Зайцаў, сын расстралянага.

Але не прыехаў. Тройка НКВД асудзіла бацьку дзевяцёх дзяцей Радзівона Зайцава да вышэйшай меры. Маўляў, быў сябрам царкоўнай групоўкі, якая ставіла перад сабою за мэту правядзенне антысавецкай агітацыі ды контррэвалюцыйнай падрыўной працы. Паводле ж сына, гэта было пакаранне за адмову ўступіць у калгас. Раней Радзівон Зайцаў ужо сядзеў у савецкай турме.

«Маці было цяжка. А што рабіць. Мой бацька потым прыйшоў – план выканаў. І яму зноў тры гады далі. І вось калі ён прыйшоў адтуль з турмы – тут яго і забралі», – кажа Іван Зайцаў.

Родным пра расстрэл нічога не сказалі. Паведамілі толькі, што загінуў у працоўных лагерах Казахстану. У 60-ых гадах спадар Іван, працуючы ў Цэнтральнай Азіі, безвынікова намагаўся адшукаць гэтае месца смерці. А ў 1985 годзе Радзівона Зайцава рэабілітавалі. Ужо ў незалежнай Беларусі спадар Іван даведаецца – бацьку расстралялі ў Менску.

КДБ нават калі і пацвярджае нашчадкам факты расстрэлаў 30-ых, часта не ўказвае месца пахавання.

Таму беларусы сімвалічна нясуць іменныя крыжы ў Курапаты як у найвялікшае месца спачыну ахвяраў сталінізму. Меўся тут стаяць і крыж з імем Радзівона Зайцава.

Спадар Іван упершыню наведвае некропаль. Сын не сумняецца…

«Тут у Курапатах і расстраляны мой бацька. Хай бацька ведае: сын яго не забыў», – кажа сын расстралянага.

Прывезлі спадара Івана ў Курапаты актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі з Віцебску. Яны ж спрабавалі прысвяціць адзін з новых крыжоў Радзівону Зайцаву. Хацелі зрабіць гэта яшчэ 29 чэрвеня, але крыжы, што вёз ва ўрочышча Зміцер Дашкевіч, сканфіскавалі праваахоўнікі.

«Чалавек у такім веку, 88 хутка будзе, ён усё ж такі пабачыў месца скону бацькі. Як ён мне распавядаў, што ён прыйдзе на магілу мамы сваёй і скажа: «Мамачка, я ведаю, дзе бацька. Я быў на гэтай зямельцы, я ёй пакланіўся», – кажа Таццяна Севярынец з БХД.

Усклаўшы кветкі да каменя пакуты, спадар Іван разам з сябрамі БХД таксама падышоў да сценаў скандальнага рэстарану «Паедзем паядзім«, адкрытага тут у чэрвені.

«Пабудаваць на чужых костках рэстаран – па-мойму, гэта злачынства. Я думаю, што іх трэба прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Пасадзіць яго ў турму, каб ён адчуў, ці можна так рабіць, ці не», – абураецца Іван Зайцаў.

Але покуль саджаюць толькі тых, хто актыўна супрацьстаіць дзейнасці рэстарану побач з урочышчам, дзе свой спачын знайшлі дзясяткі тысячаў закатаваных.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»