«Рассельгаснагляд» зноў забараніў беларускае малако


«Рассельгаснагляд» займаецца пратэкцыянізмам, каб выціснуць са свайго рынку беларускую малочную прадукцыю. Пра гэта заявіў міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Заяц у адказ на забарону ўвозу беларускай малочнай прадукцыі ў Расею. У «Рассельгаснаглядзе» кажуць, што з Беларусі вязуць падробку з фальшывымі ветэрынарнымі сертыфікатамі, пры гэтым Расеі трэба рупіцца пра харчовую незалежнасць.

Наймаштабнейшая блакада імпарту беларускага малака на расейскі рынак за апошнія 10 гадоў. Ад 6-га чэрвеня «Рассельгаснагляд» дазваляе завозіць беларускае малако толькі ў раздробных пакаваннях – не больш за 2,5 літры. Малако-сырэц, якое возяць у бітонах ці цыстэрнах, цяпер туды экспартаваць забаронена.

Як тлумачыць тэхнолаг беларускай Акадэміі навук, забарона закране прыблізна чвэрць беларускага экспарту.

«Мы каля чатырох мільёнаў тонаў, ад вырабленага малака, прадаем на экспарт. Ну, недзе мільён тонаў сырцом», – кажа заатэхнік Іван Шайко.

Чым жа выкліканыя санкцыі?

«Мы працягваем знаходзіць шкодныя рэчывы ў малацэ, якое пастаўляецца з Рэспублікі Беларусь, перадусім – антыбіётыкі. Мы неаднаразова інфармавалі пра гэта беларускі бок, але такія выпадкі працягвалі паўтарацца. У сакавіку мы забаранілі ўвоз малака з Рэспублікі Беларусь, але беларускія калегі нас запэўнілі, што прымуць захады, таму мы адмянілі гэтае рашэнне. Але істотных паляпшэнняў не адбылося, і мы вымушаныя былі зрабіць свае захады, каб перадухіліць паступленне шкоднай прадукцыі на наш рынак. Тым не менш, мы застаемся адкрытымі да дыялогу з беларускім бокам, калі ён будзе выпраўляць парушэнні», – заявілапрадстаўніца «Рассельгаснагляду» Юлія Мелана.

На пытанне, чаму забарона датычыць менавіта наліўнога малака, спадарыня Мелана адказала, што менавіта там найчасцей знаходзяць шкодныя рэчывы, плюс яго цяжэй кантраляваць. Маўляў, калі ў краме будзе знойдзена шкоднае малако, разлітае з бітона, прывезенага з Беларусі, адшукаць астатнія ўпакоўкі з гэтага тары, каб зняць іх з продажу, – вельмі цяжка. Міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Заяц гэтыя закіды адхіляе.

«Учорашняе закрыццё нашых прадпрыемстваў – чарговая праява пратэкцыянізму. Ідзе выбіванне з рынку прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь», – кажа міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заяц.

Сябра Еўразійскай камісіі, прадстаўнік Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў сёння, што паводле правілаў ЕАЭС «Рассельгаснагляд» не меў права ўводзіць татальнай забароны супраць другой краіны эканамічнага саюзу. З гэтым, у прынцыпе, пагаджаюцца нават прадстаўнікі малочнай галіны Расеі.

З другога боку, расейскія малочнікі мяркуюць, што праблема з беларускімі пастаўкамі малака не толькі ў іх якасці, але і ў тым, што частка з іх, насамрэч – не беларуская.

«Ёсць пэўная сур’ёзная дынаміка росту за апошнія чатыры гады. Цяпер, паводле беларускай мытні, экспарт у Расею складае 4,5 мільёны тонаў, у пераліку на малако. Мы мяркуем, што лічбы, насамрэч, большыя, чым 4,5 мільёны. Такі прырост, пры адсутнасці супастаўнага прыросту вытворчасці ўнутры краіны, выклікае пэўныя пытанні. Таму мы лічым, што частка прадукцыі, цалкам магчыма, пастаўляецца рээкспартам. Патэнцыйна, яна можа пастаўляцца з Украіны, з краінаў Еўрапейскага звязу – як частка сыравіны, гэтак і гатовая прадукцыя», – кажа дырэктар «Саюзмалако» Арцём Бялоў.

Міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Заяц пракаментаваць гэты закід адмовіўся.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu